26 жніўня ў парафіі ў Жлобіне адбылася адпустовая ўрачыстасць Маці Божай Каралевы, якую ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.
Урачыстасць пачалася святой Імшой, якую цэлебраваў пінскі ардынарый. У гаміліі біскуп заклікаў вернікаў да наследавання цнатлівага жыцця Панны Марыі, а таксама распавёў пра значэнне ўрачыстасці Маці Божай Каралевы.
“Мы называем Марыю Каралевай з-за Яе Сына. Каралеўства Марыі пасрэднае, таму што толькі Пан Бог – уладар адзіны і сапраўдны, а Марыя выконвае над намі каралеўскую ўладу – служыць нам сваёй апекай, - адзначыў іерарх. - Каралеўства Марый засноўваецца на служэнні. Мы прыходзім да Каралевы, каб Ёй даверыцца, каб сказаць, што мы хочам Яе каранаваць не матэрыяльнымі каронамі, але нашым евангельскім стылем жыцця. Мы хочам ахвяроўваць Ёй нашыя духоўныя дары, якія будуць сведчыць аб тым, што мы жадаем, каб Яна была Каралевай нашых сэрцаў".
Пасля святой Імшы адбылася велічная працэсія з фігурай Маці Божай Фацімскай цэнтральнымі вуліцамі Жлобіна ад парафіяльнага касцёла да капліцы св. Казіміра. Падчас працэсіі ўдзельнікі спявалі марыйныя спевы, а на пяці прыпынках маліліся Ружанец. На шляху яны сустракалі шматлікіх людзей, якім сведчылі аб сваёй веры.
Ва ўрачыстасці прыняло ўдзел шмат святароў і сясцёр законных.