Пошук

22.08.2017 16:57   Валянціна Грамыка / Фота: Яна Роўда / Catholic.by

Калі вы чулі пра св. Ігнацыя Лаёлу і Таварыства Езуса (езуітаў), то варта даведацца пра месца цішыні і малітвы, дасяжнае паўсюль, дзе ёсць інтэрнэт, і ў любы час — сайт www.prastoramalitvy.by.

Што такое «Прастора Малітвы»?

«Прастора Малітвы» (Sacred Space) — гэта праект ірландскай правінцыі Таварыства Езуса. Cайт паўстаў у сценах інфармацыйнага цэнтра езуітаў у Ірландыі ў 1999 г. За кароткі час ён стаў шматмоўным, а з 2013 года — беларускамоўным. Адказным за беларускую версію з’яўляецца а. Віктар Жук SJ — адзіны на сёння езуіт, які паходзіць з Беларусі.

Ігнацыянская духоўнасць — адна з найбольш уплывовых і распаўсюджаных духоўных перспектыў нашага часу. Яна мае сваю гісторыю і шмат атрыбутаў. І ўжо не першы год яна дасяжная ў выглядзе штодзённых разважанняў на беларускай мове.

Хто распаўсюджвае ігнацыянскую духоўнасць у Беларусі?

Год таму ў якасці сродка для развіцця беларускай версіі сайта ўзнікла старонка на Facebook, пазней — група вКонтакте. Каманда валанцёраў — гэта пяць чалавек, якія не ведаюць адно аднаго, але працуюць адзіным калектывам.

Рэдакцыя Catholic.by сустрэлася з удзельніцай каманды валанцёраў Тэрэсай Клімовіч з Ляскоўкі (Мінскі р-н), якая на працягу года вядзе старонку на Facebook. Як адзначыла Тэрэса, праца валанцёраў не абмяжоўваецца напаўненнем старонак у сацыяльных сетках: «Асноўная іх дапамога — у перакладах з англійскай мовы штодзённых разважанняў і тэкстаў ігнацыянскіх рэкалекцый на перыяд Адвэнту і Вялікага посту».

«Ілюстрацыйны матэрыял да тэкстаў выкарыстоўваецца пераважна беларускіх фатографаў, — працягвала Тэрэса. — Па дамоўленасці з імі фотаздымкі падбіраюцца і дадаюцца да штодзённых разважанняў».

На сёння колькасць удзельнікаў суполкі вКонтакте налічвае 147 чалавек, на старонцы ў Facebook — 157.

Хто можа далучыцца да каманды?

«Калі добраахвотнікаў шмат, калі ёсць узаемазамяняльнасць, то і стомленасці ад валанцёрства не ўзнікае. Таму наша каманда запрашае далучыцца да валанцёрскага праекта, а значыць да евангелізацыі, праз дапамогу ў перакладах з англійскай мовы на беларускую тэкстаў, якія рыхтуюць ірландскія езуіты», — заахвочвае Тэрэса Клімовіч.

Пра сваё жаданне далучыцца да каманды можна паведаміць на e-mail:
prastora.malitvy@gmail.com

 

Абноўлена 23.08.2017 17:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця