З 16 па 18 жніўня ў Браславе ў санктуарыі Маці Божай Валадаркі азёраў адбыліся чарговыя Дні моладзі Віцебскай дыяцэзіі. Гэтым разам сумесна правесці час у малітоўнай атмасферы прыехала каля 100 юнакоў і дзяўчат.
Адметна, што сярод іх было нямала моладзі таксама з Гродзенскай дыяцэзіі і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Як адзначыла моладзь з іншых дыяцэзій, многія з іх прыехалі сюды па запрашэнні сваіх сяброў, з якімі пазнаёміліся падчас іншых сустрэч моладзі і пілігрымак.
На адкрыцці мерапрыемства ўвечары 16 жніўня ўдзельнікам быў прадстаўлены промаролік з мінулагодніх Сусветных дзён моладзі ў Кракаве. Ксёндз Аляксей Асон, адказны за правядзенне Дзён моладзі Віцебскай дыяцэзіі, у сваім прывітальным слове нагадаў, што ад рознага роду забаўляльных мерапрыемстваў гэтае адрозніваецца тым, што прысутную тут моладзь “аб’ядноўвае Хрыстус”.
Варта адзначыць, што ў гэтым годзе быў зменены фармат правядзення мерапрыемства: калі першая палова дня была прысвечана малітве, то другая – развівальным варштатам і экскурсіям.
Як адзначае ксёндз Аляксей Асон, ён арыентаваўся на фармат правядзення Сусветных дзён моладзі, апошнія з якіх адбыліся ў Кракаве ў 2016 г.
«Гэта час, калі моладзь з розных парафій мае магчымасць пабыць разам. Канешне, шмат увагі надаецца менавіта духоўнаму аспекту – сумеснай малітве, удзелу ў святой Імшы, канферэнцыях. На сустрэчы моладзь мае магчымасць не толькі разам маліцца, але і разам нечым займацца – калі яна можа пазнаць сябе, свет навокал. Праз прыгажосць, праз культуру Пан Бог прамаўляе да чалавека», – дадаў святар.
Многім удзельнікам сустрэчы вельмі спадабалася экскурсія па Браславе – яны адзначылі хараство наваколля і азёраў, утульнасць горада, гасціннасць і дабразычлівасць мясцовых вернікаў, якія ўзялі іх на начлег. Дзіяна Разваротнева з Ваўкалаты прызнаецца, што яе вельмі ўразіла браслаўская святыня.
Варштаты па маляванні праводзіла Марыя Кісель – настаўніца з Глыбокага. Яна прапанавала моладзі паспрабаваць сябе ў тэхніцы дудлінгу. Пры гэтым, як адзначае Марыя, гутарка ішла не пра простае баўленне часу. «Кожны аркуш паперы – гэта пазл, на якім малюецца адпаведны ўзор і пішацца імя ўдзельніка сустрэчы. Пры складанні гэтых пазлаў атрымаецца эмблема Дзён моладзі і выява Маці Божай Валадаркі азёраў. Такім чынам кожны ўдзельнік зрабіў свой унёсак у маляванне гэтых выяваў».
У гэтыя дні завязалася шмат новых знаёмстваў, пра што кажуць усе ўдзельнікі сустрэчы. Але гэта і час пазнання чагосьці новага. Групка дзяўчат з Мінска – сёстры Марыя і Яніна Смыковіч і Ганна Лашкіна – напяваюць спеў «Гасанна», пачуты падчас Імшы. «Ён нам вельмі спадабаўся, вось цяпер спрабуем яго развучыць», - кажуць дзяўчаты.
Мікалай Музычэнка з Полацка дзеліцца: «З такіх мерапрыемстваў я заўсёды выношу нешта новае. Гэта нібыта і незаўважна на пачатку, а потым праз пэўны час бачыш плён гэтага».
Антон Доўнар з Барысава адзначае, што часта бывае на сустрэчах моладзі, хаця на сустрэчы ў Віцебскай дыяцэзіі ён першы раз. Юнак кажа, што кожная такая сустрэча мае свой «настрой», і дадае, што тут, у сальватарыянскай парафіі, вельмі адчуваецца дух манаства.
Шмат часу на сустрэчы прысвячалася малітве і пытанням развіцця духоўнага жыцця. У канферэнцыях і гаміліях уздымаліся пытанні, актуальныя менавіта для моладзі ў сучасным свеце. Так, праблемам карыстання інтэрнэтам прысвяціў сваю канферэнцыю ксёндз Антон Лагунёнак. Пра неабходнасць прабачэння разважаў у сваёй гаміліі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Праблеме пазнання сябе, свайго месца ў свеце і адносінам з Богам была прысвечана канферэнцыя ксяндза Вячаслава Пялінка.
Завяршыліся дыяцэзіяльныя Дні моладзі святой Імшой увечары 18 жніўня, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.