19 жніўня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведаў парафію Св. Андрэя, апостала, у Нарачы. У гэты дзень там адзначалася адпустовая ўрачыстасць святога Роха. Таксама падчас Імшы, якую ўзначаліў Мітрапаліт, група вернікаў прыняла сакрамэнт канфірмацыі.
Як адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч у гаміліі, святы Рох – адзін з найбольш легендарных і папулярных у свеце святых. Ён жыў у XIV ст. і праславіўся найперш любоўю да бліжняга і справамі міласэрнасці.
Рох, як нагадаў Мітрапаліт, нарадзіўся ў багатай сям’і губернатара французскага горада Монтпэльер. Яго бацькі, якія доўгі час былі бяздзетныя, маліліся, каб Бог паслаў ім нашчадка, і верылі, што Ён выслухаў іх просьбы і падарыў ім сына. Адметна, што на яго грудзях ад нараджэння быў бачны выразны знак крыжа. Бацькі стараліся выхоўваць свайго сына ў духу любові да Бога і бліжняга. Калі ва ўзросце 20 гадоў Рох страціў бацькоў, то прадаў усю сваю асабістую маёмасць і раздаў грошы бедным, а спадчыну перадаў ва ўладанне свайго дзядзькі. Ён стаў францішканскім тэрцыярыем і адправіўся ў пілігрымку ў Рым, каб наведаць магілы апосталаў. Калі ён дасягнуў паўночнай Італіі, там лютавала эпідэмія чумы. Святы Рох застаўся з хворымі, каб ім служыць па прыкладу Хрыста. Рох ахвяраваў сваю дапамогу ў шпіталі св. Яна, а таксама наведваў дамы хворых.
Калі эпідэмія адступіла, Рох працягнуў сваю пілігрымку ў Рым. Калі ён прыбыў туды, там таксама выбухнула эпідэмія чумы, і ён ізноў прысвяціў сябе апецы над хворымі. Ён служыў хворым не толькі ў Рыме, але і ў іншых парафіях, у тым ліку ў П’ячэнцы, дзе сам захварэў на чуму. Каб не заразіць іншых, св. Рох пакінуў горад і схаваўся ў лесе. Практычна кажучы, ён павінен быў чакаць смерці, аднак з блізкай вёскі сабака прыносіў яму ежу і залізваў ягоныя раны.
Калі ён адчуў сябе лепш, то вырашыў вярнуцца ў родны горад. Аднак на мяжы паміж Італіяй і Фрацыяй пагранічнікі палічылі яго за шпіёна і завялі да губернатара, якім быў яго дзядзька і які яго не пазнаў і арыштаваў. Рох апынуўся ў вязніцы. Па прыкладзе Хрыста ён пакорна прыняў тое, што яму падрыхтаваў Божы Провід. Пасля пяцігадовага прабывання ў вязніцы св. Рох памёр.
Адчуваючы блізкасць смерці, ён папрасіў дазволу, каб яго наведаў святар. Той, калі ўвайшоў у камеру, убачыў дзіўнае святло, а на сцяне рука анёла напісала імя “Рох” і словы: “Хто будзе прасіць яго дапамогі, то будзе вылечаны ад хваробы чумы”.
“Цяпер, дзякуй Богу, інфекцыйных хваробаў усё менш і ўрачы навучыліся іх лячыць. Аднак у нашы часы існуе вялікая колькасць духоўных інфекцыйных хваробаў, духоўнай чумы. Гэтая хвароба праяўляецца ў нездаровым імкненні жыць без Бога і нават ставіць самога сябе на Яго месца. Паўтараецца гісторыя нашых першых бацькоў – Адама і Евы, - адзначыў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. - Сучасны чалавек, можа, больш, чым калі-небудзь раней, імкнецца да абсалютнай свабоды, забываючыся аб тым, што сапраўдная свабода знаходзіцца ў межах Божага закону”.
Па словах іерарха, “святы Рох не шукаў свабоды па-за Божым законам. Калі Божы Провід паставіў яго перад выбарам: апекавацца смяротна хворымі на чуму з магчымасцю самому заразіцца, ці не, – ён не шукаў апраўдання, не гаварыў, што паходзіць з багатай сям’і і яму не даспадобы займацца смяротна хворымі”.
Звяртаючыся да вернікаў, прымаючых у гэты дзень сакрамэнт канфірмацыі, асабліва да моладзі, арцыбіскуп сказаў: “Гэта сакрамэнт сталага хрысціянства. Касцёл хоча бачыць у сваіх верніках хрысціян не штучных, але сапраўдных і моцных вераю і сведчаннем. Сёння вакол нас так шмат людзей, якія хварэюць на духоўную чуму. Ім патрэбна наша дапамога. Ёй у першую чаргу з’яўляецца прыклад нашай веры, калі яна выражаецца не толькі тэарэтычна, але і практычна, калі мы не пакідаем тых, хто патрабуе нашай дапамогі, у адзіноце, але спяшаемся ім дапамагчы духоўна і матэрыяльна”.
“Будзьце сапраўднымі носьбітамі Евангелля ў наш час, каб дзякуючы вашаму хрысціянскаму сведчанню сучасны свет пазнаў Бога, як адзіную праўду, і праз заступніцтва св. Роха вылечыўся з хваробы духоўнай чумы”, - заклікаў Мітрапаліт маладых вернікаў.