7 жніўня ў парафіі Нараджэння Маці Божай прайшоў танцавальны конкурс Dance party. Удзел у ім прынялі шэсць моладзевых і дзіцячых груп з Браслава і Мёраў.
Падобная імпрэза праходзіла другі раз і сабрала таленавітых юнакоў і дзяўчат. Сёлета ініцыятарамі мерапрыемства стала сама моладзь.
«Наш конкурс — для маладых людзей, якія шукаюць сябе. Мне здаецца, такія творчыя конкурсы даюць магчымасць пазнаць сябе больш, дапамагаюць навучыцца новаму. Не ўсё можна выразіць словамі, танец часам дапамагае “сказаць“ больш за словы. Я сам ніколі не танцаваў, але нядаўна зразумеў, што танец мне таксама цікавы, — падзяліўся ініцыятар конкурса Ян Бука. — Важны і сам факт нашай працы: мы рыхтуемся да конкурсу разам, ходзім на рэпетыцыі, удзельнічаем у Імшы, тым самым абагачаемся духоўна. І па-трэцяе, гэтае мерапрыемства дае магчымасць новых знаёмстваў».
Супольны вечар распачаўся набажэнствам у касцёле. А ўжо потым удзельнікі конкурсу — гурты Ex Dance (Браслаў), Back to back (Мёры), «Мурашкі» (Мёры), «Куба» (браслаўскі Тубсанаторый), «Вінаградны дзень» (Мёры), Alis Family (Браслаў) — прадэманстравалі па два танцы: танец-гісторыя і танец-флэшмоб. Гісторыі ў танцы прыцягвалі асаблівую ўвагу, бо кожнаму гледачу хацелася не проста ўбачыць рухі, але зразумець закладзеныя перажыванні. А вось журы павінна было выбраць лепшых.
«Імпрэза мне спадабалася, — падзялілася ўражаннямі член журы Ганна Базарэвіч. — Падаецца, што і самі ўдзельнікі атрымалі задавальненне. Хлопцы і дзяўчаты рыхтаваліся, дэманстравалі плён шматдзённых рэпетыцый, і гэта выклікала толькі станоўчыя ўражанні. У ацэнцы нумароў мы імкнуліся кіравацца аб'ектыўнымі крытэрыямі: агульнае ўражанне, сінхроннасць, зладжанасць у калектыўным танцы, тэма танца... Я танцор непрафесійны і для мяне было важна, каб танец адгукнуўся і выклікаў эмоцыі. Усе нумары на гэта аказаліся здольныя, таму размеркаваць месцы было складана. Конкурс атрымаўся цікавы, цудоўны і падараваў мне добры настрой!»
Па выніках конкурснай праграмы трэцяе месца заняла моладзь з тубсанаторыя (Браслаў), другое месца — група Back to back (Мёры). А лепшымі журы прызнала выступленні Alis Family з Браслава.
Вечар быў напоўнены малітвай, касцёльнымі спевамі, танцамі, і, канечне, магчымасцю новых знаёмстваў. Думаецца, што ў гэтай імпрэзы абавязкова будзе працяг.