Адбылося гэта ў дзень Перамянення Пана — 6 жніўня 1517 года ў Празе. Гэта была кніга «Псалтыр» і яна стала першай друкаванай кнігай для ўсходніх славян.
«Як ад нараджэння звяры, што ходзяць у пустыні, ведаюць ямы свае; птушкі, што лятаюць у паветры, ведаюць гнёзды свае; рыбы, што плаваюць па моры і ў рэках, чуюць віры свае; пчолы і тым падобныя бароняць вуллі свае — так і людзі, дзе нарадзіліся і ўскормлены, да таго месца вялікую ласку маюць [...]»
Даследчык Бібліі кс. Сяргей Сурыновіч лічыць, што выбар Псалтыра Скарынам у якасці першай кнігі для друку быў наўмысным.
Гэта сведчыць аб тым, што друкар лічыў яе найбольш патрэбнай для суайчыннікаў. Мяркую, ён хацеў перамяніць беларусаў і даць ім кнігу, якая лечыць і якая змяшчае мудрасць.З пазіцыі сённяшняга часу выданне Скарыны стала ўнікальным, бо ўпершыню ў кірылічнай традыцыі ў гэтай кнізе ён увёў прамежкі паміж словамі, тытульны ліст, абзацы і інш.
Пры перакладзе Скарына карыстаўся чэшскамоўнай Бібліяй, якую перакладалі з лацінскай Вульгаты.
«Я перакананы, што Скарына дасканала валодаў лацінскай мовай. Як навуковец, які атрымліваў адукацыю на Захадзе, ён не мог не ведаць лаціну. Тыя ж чэшскія словы, якія ёсць у беларускім (заходнерускім) перакладзе Скарыны, гэта, хутчэй за ўсё, вынік недахопу адпаведнай лексікі ў нашай мове ў той час, — адзначае кс. Сяргей Сурыновіч. — Мне падаецца, што чэшская Біблія мела ўплыў на Скарыну, як бестселер свайго часу ў славянскім свеце».
За свае жыццё Францішак Скарына выдаў паслядоўна 20 кніг (ці 23 кнігі, калі лічыць кожную кнігу Царстваў паасобку) Старога Запавету аб'ёмам 2400 старонак пад агульнай назвай «Библия руска, выложена доктором Франциском Скориною из славного града Полоцька, Богу ко ч(ес)ти и людем посполитным к доброму научению».