Пошук

03.08.2017 12:27   Catholic.by

З нагоды 100-годдзя Фацімскіх аб’яўленняў і 20-й гадавіны

каранацыі абраза Маці Божай Лагішынскай

Дарагія браты і сёстры, умілаваная моладзь!

Многія з вас знаходзяцца цяпер на канікулах, у адпусках і доўгачаканым адпачынку. Я прагну падзякаваць усім святарам, сёстрам законным, навучэнцам нашай Вышэйшай міждыяцэзіяльнай духоўнай семінарыі ў Пінску, свецкім катэхетам, настаўнікам і выхавацелям, а таксама аніматарам каталіцкіх рухаў і аб’яднанняў за ўклад, унесены ў справу фарміравання маладых сэрцаў. Я спадзяюся, што ваша праца ў духу Евангелля і дапамога бліжняму прынясуць багаты духоўны плён у сэрцах маладога пакалення, памножыць веру і любоў да нашай краіны. Прашу Вас, памятайце заўсёды пра Езуса, які штодня чакае чалавека ў сакрамэнце Эўхарыстыі. Памятайце пра Марыю, Яго Маці, якая заступаецца за вас перад Сынам у кожнай вашай патрэбе.

У гэтым годзе ва ўсім свеце адзначаецца 100-годдзе фацімскіх аб’яўленняў, у якіх Марыя заклікае да пакаяння і навяртання праз ружанцовую малітву і набажэнства першых суботаў месяца, каб Езус прабачыў нам нашыя грахі. Папа, св. Ян Павел ІІ, складаючы Маці Божай Фацімскай падзяку за выратаванне яго жыцця пасля замаху на плошчы Св. Пятра ў Рыме, нагадаў нам пра аб’яўленні 1917 г. Варта даведацца пра іх, бо ў аб’яўленнях Божая Маці звяртаецца да ўсяго свету, а гэта значыць — да цябе і да мяне, патрабуючы радыкальнай перамены жыцця і малітвы праз Яе заступніцтва.

Папа Бэнэдыкт XVI падчас пілігрымкі ў Фаціму, 13 мая 2010 г., сказаў: «Памыляўся б той, хто сказаў бы, што місія Фацімы скончылася». Святы Айцец заахвоціў, каб фацімскае пасланне рэалізоўвалася вучнямі Хрыста. На сваім шляху, дарагія пілігрымы, вы будзеце шматразова звяртацца да слоў Маці Божай, як у духоўных чытаннях, так і ў штодзённых малітвах.

Акрамя Марыі нашымі новымі заступнікамі перад Богам будуць новыя святыя Касцёла — фацімскія дзеці, Францішак і Гіяцынта, кананізаваныя папам Францішкам 13 мая 2017 г. Абвяшчаючы новых святых, папа Францішак сказаў: «Пад апекаю Марыі мы з’яўляемся ў свеце “вартаўнікамі світанку”, якія могуць сузіраць праўдзівае аблічча Езуса (…) і адкрыць маладое і прыгожае аблічча Касцёла, якое ззяе, калі ён місійны, гасцінны, свабодны, верны, бедны матэрыяльна і багаты любоўю”.

У дзень уваходу пешых пілігрымак з Бярозы і Баранавічаў да Каралевы Палесся ў Лагішыне вы маеце асаблівую магчымасць памаліцца праз заступніцтва Маці Божай. Гэта асаблівы дар, які павінны выкарыстаць усе пілігрымы.

Лагішын, у сваю чаргу, святкуе 20-годдзе каранацыі цудоўнага абраза Маці Божай, Каралевы Палесся, папскімі каронамі, якія тады, у 1997 годзе, прыслаў св. Ян Павел ІІ. Я спадзяюся, што кожны з нас ведае і разумее ролю Марыі ў жыцці нашага палескага рэгіёну.

Асаблівым часам і месцам, каб прыгадаць ролю Найсвяцейшай Маці ў нашым жыцці і аднавіць любоў да Бога, Марыі і чалавека, з’яўляецца пілігрымка да трону Лагішынскай Пані. У гэтым годзе з нашай дыяцэзіі ўжо ў дваццаць першы раз вырушаць пілігрымкі з Бярозы і Баранавічаў, у якіх будуць удзельнічаць пешыя пілігрымы і тыя, якія далучацца духоўна.

Час пілігрымавання — гэта час аднаўлення любові да нашай Маці. Заахвочваю Вас, дарагія дыяцэзіяне, да фізічнага альбо духоўнага пілігрымавання і ўзношвання малітвы праз заступніцтва Каралевы Палесся. Дэвіз сёлетняй пілігрымкі — «Пакаянне і навяртанне». Каб абвяшчаць Хрыста, трэба быць яго верагодным сведкам, трэба няспынна Яго пазнаваць, а перш за ўсё мець Яго ў сэрцы, рэгулярна прымаючы святую Камунію. Дапамогу пілігрымам у пазнаванні нашага Пана акажуць святары, як на шляху пілігрымкі, так і ў шматлікіх парафіях.

Прынята казаць, што пілігрымка — гэта «час рэкалекцый у дарозе». І сапраўды, гэта чатырохдзённыя рэкалекцыі, падчас якіх мы не толькі робім фізічныя намаганні, ідучы каля 150 км, а перадусім перамагаем свае духоўныя слабасці. На пілігрымкавым шляху падарожных будуць суправаджаць святары, якія кожны дзень будуць цэлебраваць св. Імшу, праводзіць канферэнцыі, спавядаць, праводзіць разважанні, эўхарыстычныя адарацыі і несці іншую духоўную дапамогу. Падчас пілігрымкі вы можаце пазнаць свой сапраўдны характар, пабудаваць новыя знаёмствы, зведаць шмат дабра ад іншых і перажыць сітуацыі, падобныя да тых, што здараліся ў жыцці Святой Сям’і, якой у Бэтлееме не было дзе прытуліцца.

Тых, хто па розных прычынах не зможа пілігрымаваць фізічна, запрашаю прыняць духоўны ўдзел. Заахвочваю душпастыраў дыяцэзіі, каб у сваіх парафіях праводзілі ў гэты час малітоўныя сустрэчы, злучаныя са св. Імшой і малітваю за пілігрымаў, што ідуць да Каралевы Палесся. Такая форма вашага ўдзелу ў шматлікіх гарадах і вёсках Брэсцкай і Гомельскай абласцей будзе канкрэтным сведчаннем духоўнага пілігрымавання. Ваша малітва, пост і ахвяра дзеля пілігрымаў стане важнай духоўнай і матэрыяльнай падтрымкай удзельнікаў і арганізатараў пешых пілігрымак з Баранавічаў і Бярозы.

Маліцеся ў гэты час аб новых пакліканнях у нашую Вышэйшую міждыяцэзіяльную духоўную семінарыю ў Пінску, аб пакліканнях да святарства, манаства і аб місійных пакліканнях з нашых парафіяльных супольнасцей. Памятайце пра свае сем’і, блізкія вашаму сэрцу, даручаючы іх Каралеве Палесся, Маці нашага Пана і Збаўцы Езуса Хрыста.  Дзякуйце Богу за прыгожыя Марыйныя юбілеі, якія нам даводзіцца перажываць у гэтым годзе.

Як ваш біскуп, я перакананы, што такія формы пілігрымавання могуць прынесці прыгожы духоўны плён у вашым жыцці. Пілігрымуючы, падзякуем нашай Маці. Няхай гэты час паспрыяе перамене і навяртанню, каб мы сталі «жывой каронай Марыі».

Дарагая моладзь, браты і сёстры! Жадаю Вам добра і мудра правесці канікулы. Яшчэ раз заахвочваю да ўдзелу ў пілігрымцы і іншых душпастырскіх акцыях, якія дазваляюць не толькі адарвацца ад штодзённай мітусні, але таксама ўмацаваць вашу веру і любоў да Езуса і Марыі.

Сваім благаслаўленнем і малітвай я ахінаю арганізатараў, святароў, дабрачынцаў і пілігрымаў пешай пілігрымкі з Баранавічаў і Бярозы ў Лагішыін. Няхай Марыя, Каралева Палесся, вядзе Вас да Езуса.

Да сустрэчы на пілігрымкавым шляху!

+ Антоні Дзям’янка
       Біскуп Пінскі

Паважаныя святары няхай абвесцяць гэтае пасланне падчас кожнай св. Імшы ў нядзелю 6 жніўня і размесцяць яго тэкст на дошцы аб’яў перад касцёлам.

Абноўлена 03.08.2017 12:29
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.