6 жніўня будзе адзначацца 500-годдзе перакладу і выдання беларускай Бібліі. З гэтай нагоды 1 жніўня ў Рыме ў Генеральным архіве кангрэгацыі марыянаў прайшла другая сесія Міжнароднай Кансультацыі па духоўнай спадчыне Францішка Скарыны.
Першая сесія прайшла 27 чэрвеня і была прысвечана абмеркаванню вынікаў Міжнароднага навуковага форуму «Францішак Скарына і яго духоўная спадчына», што праходзіла ў Віцебску 23 чэрвеня.
Падчас другой сесіі абмяркоўвалася навуковая дзейнасць і духоўная спадчына беларускага грэка-каталіцкага біскупа Чэслава Сіповіча, які 50 гадоў таму, у кантэксце святкавання 450-годдзя скарынаўскай Бібліі, намагаўся пазнаёміць навуковае асяроддзе Рыма з «біблійнай скарынаўскай справай». На 4 жніўня прыпадае 57-я гадавіна біскупскай хіратаніі Уладыкі Чэслава Сіповіча.
Абедзве сесіі ўзначальвалі Генеральны архіварыўс Генеральнага архіва кангрэгацыі марыянаў Вальдэмар Карпук і архімандрыт Сяргей Гаек. Каштоўным стаў удзел у форуме доктара Антоніа Калізі з Бары, які з’яўляецца выканаўчым сакратаром даследчай платформы Senergeia pro Oriente Christiano, і прафесара Джузэпэ Мунарыні з Падуі, вядомага знаўцы хрысціянскага Усходу.
З дапамогай інтэрнэту ў форуме ўдзельнічалі таксама навукоўцы і душпастыры з Італіі, Польшчы, Чэхіі, Бразіліі, Украіны, Расіі.