Пошук

01.08.2017 11:33   Тэкст і фота: sdb.by / Catholic.by


Дні з 28 па 30 ліпеня «Суполка Маладых Сем’яў», арганізаваная пры парафіі Святога Яна Хрысціцеля ў Мінску, правяла далёка па-за межамі сваіх утульных кватэр, а дакладней — пад цудоўным небам Налібоцкай пушчы. Ініцыятарам выезду быў духоўны кіраўнік групы — ксёндз Іван Огар SDB.

«Суполка Маладых Сем’яў» — гэта не толькі дарослыя, бацькі, але і малодшае пакаленне, дзеці самых розных узростаў (ад двух да пятнаццаці год). Адной сапраўднай сям’ёй яны разам пражылі гэтыя незвычайныя дні.

Магутнымі дрэвамі, непралазным гушчаром, захапляльным спевам птушак і яркім сонейкам сустрэла ўдзельнікаў Налібоцкая пушча. Уражанні ад сустрэчы з такой першароднай прыгажосцю не перадаюцца звычайнымі словамі: гэта патрэбна ўбачыць і перажыць. Але лес быў толькі пачаткам узнёслых эмоцый таму, што ў яго глыбінях схавалася адно з найпрыгажэйшых азёр Беларусі — Кромань. Велічнае, блакітнае і крыху самотнае…

Сумесная малітва ў такім месцы надавала нейкае дадатковае ўнутранае трымценне, адчуванне еднасці з людзьмі і Богам.

Суботнім ранкам суполка накіравалася ў вёску Налібокі, у касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі на святую Імшу. Сустрэў падарожнікаў пробашч парафіі ксёндз Мар’ян. Адбылася вельмі цёплая сустрэча: айцец распавёў прысутным пра гісторыю касцёла і мясцовасці. Дарэчы, сёлета, у жніўні, будзе святкавацца 570-годдзе гэтай прыгожай святыні!

Слова Божае падчас святой Імшы, якую цэлебраваў ксёндз Іван, натхніла ўдзельнікаў сустрэчы на далейшае радаснае сумеснае правядзенне часу: гульні на беразе возера, купанне, спевы пад гітару і, зразумела, на сумесную малітву.

Вельмі важным этапам у духоўным узрастанні кожнага верніка было разважанне над радкамі з Евангелля. Айцец Іван дапамог разабрацца ў складаных пытаннях, якія ўзнікалі падчас гутаркі: што такое Валадарства Нябеснае і дзе яго шукаць? Многія з радасцю ўключаліся ў дыялог, спрабуючы сумесна знаходзіць адказы на розныя пытанні.

Гэтыя тры дні былі па-сапраўднаму насычанымі, а ўдзельнікі малітоўнага падарожжа маглі ўзбагаціцца і духоўна, і фізічна.

Абноўлена 02.08.2017 11:01
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.