Пошук

29.07.2017 10:51   Тэкст і фота: Кацярына Лаўрыненка / Catholic.by

У  Друі, у кляштары пры касцёле Найсвяцейшай Тройцы, працягвае сваю працу трэці мастацкі пленэр, які ў гэтым годзе атрымаў назву «Скарынер».

У гэтыя дні Друя пераўтварылася ў адну суцэльную майстэрню для мастакоў, якія прымаюць удзел у «Скарынеры». Ужо а пятай раніцы з кляштара выходзяць з эцюднікамі мастакі, каб распачаць працу пры патрэбным ім асвятленні.

Затым на працягу дня мінакі назіраюць, як проста на іх вачах друйскія краявіды атрымліваюць другое жыццё на палотнах мастакоў. Для іншых жа майстроў майстэрнямі служаць старыя келлі друйскага кляштара.

Для многіх творцаў, якія прымаюць ўдзел у «Скарынеры», гэта не першы пленэр у Друі. Аднак нават адзін і той жа сюжэт можна маляваць бясконца, кожны раз знаходзячы нешта новае.

 

Пейзажыста Уладзіслава Пятручыка, які прыязджае на друйскія плэнеры трэці раз запар, як і ў мінулы раз, на стварэнне карціны зноў натхніла фігура Маці Божай каля ўваходу ў касцёл. Аднак гэтым разам мастак ўбачыў яе зусім па-іншаму.

На пытанне, чым менавіта гэты сэжэт натхніў мастака, той адказаў: «Менавіта гэтая фігура Маці Божай сустракае людзей пры ўваходзе ў касцёл, гэта першае, што яны бачыць перад уваходам у святыню».

Гаспадар плэнеру і яго арганізатар кс. Сяргей Сурыновіч адзначае, што плэнер у Друі карыстаецца вялікай папулярнасцю ў мастакоў і ў пэўным сэнсе ўжо стаў элітарным.

Больш за тое, адбор на плэнер праводзіцца на конкурснай аснове, бо заявак нашмат больш, чым месцаў для мастакоў.

Мастачка і выкладчыца з Мінска Таццяна Уласевіч, якая ў Друі не ўпершыню, распавядае: «Здаецца, я ўжо вельмі добра вывучыла Друю, едзеш сюды і ўжо думаеш, што будзеш маляваць гэтым разам. Але тут проста неверагодная  атмасфера, так шмат пазітыўных эмоцый, што ўвесь тыдзень ты проста насычаешся гэтым, што, безумоўна, уплывае на тваю творчасць».

Для многіх мастакоў плэнер у Друі гэта не толькі магчымасць самарэалізацыі ў творчай і нязмушанай атмасферы, але перадусім магчымасць вучыцца чамусьці новаму.

Юры Платонаў з Гомеля, для якога стварэнне карцін у Друі таксама не ў навіну, у 2007 годзе быў адным з удзельнікаў друйскага плэнера «У пошуках Атлантыды».

Мастак адзначае, што з моманту сканчэння Акадэміі мастацтваў у 2001 годзе ён рэгулярна выязджае на плэнеры, дзе вучыцца таму, чаго няма ў акадэмічных аўдыторыях.

Таксама мужчына дадае, што акрамя ўсяго гэта і добрая магчымасць пабыть сярод аднадумцаў-мастакоў. «Ты і сам можаш паехаць з эцюднікам на прыроду і там маляваць, але тут ты знаходзішся ў цеснай сувязі з мастакамі і гэты момант цяжка пераацаніць».

     

Студэнтка Акадэміі мастацтваў Анастасія Шылягіна дадае: «Гэта мой першы плэнер, які ўжо вельмі шмат мне даў. Я вучуся ў сваіх калег, мы малюем разам і гэта вельмі пашырае твае гарызонты і бачанне свету».

Гэта добра бачна на прыкладзе працы на плэнеры прафесара Віцебскага дзяржаўнага універсітэта імя П. М. Машэрава і таленавітага мастака Чэслава Шамшура, які не толькі малюе тут, але і шчодра дзеліцца досведам. «Вось тут трохі ўверх. А вось тут звярніце ўвагу на гэтую фарбу...», — інтэлігентна раіць ён сваім калегам па пэндзлі.

«Я вельмі ўдзячна Чэславу Шамшуру за ягоныя парады», — кажа мастачка з Віцебска Людміла Аляксандрава, якая падчас плэнеру дзеліць з прафесарам вялікую залу ў якасці творчай майстэрні.

Але перадусім многія мастакі звяртаюць увагу менавіта на духоўны складнік плэнеру. Для многіх гэта магчымасць нефармальных размоў са святаром, якіх, як яны прызнаюцца, ім не хапае ў штодзённым жыцці, запоўненым клопатам пра паўсядзённае.

Многіх прываблівае магчымасць правесці пэўны час пад дахам старажытнага кляштара «Гэта дае натхненне для творчасці, і, безумоўна, уплывае на выбар сюжэтаў тваіх карцін», — кажа Людзміла Аляксандрава.

Наталля Гудкова з Рагачова, якая ў Друі ўжо другі раз, адзначае, што сама атмасфера кляштару дае вельмі шмат уражанняў. Пры гэтым ўсе мастакі дадаюць, што іх вельмі натхняе сама Друя, яе гісторыя і храмы.

Паколькі плэнер прысвечаны 500-ым угодкам выдання Бібліі Францішкам Скарынам і мае назву «Скарынер», то зразумела, што крыніцай натхненя для мастакоў стаў і вобраз першадрукара і перакладчыка Бібліі.

Два дні ў друйскай святыні мастакам пазіраваў у вобразе Францішка Скарыны рэканструктар, гісторык і дзіцячы пісьменнік Юрый Усціновіч, вынікам чаго стала стварэнне некалькіх партрэтаў «Скарыны».

Вечарамі плэнер пераўтвараецца ў сапраўдны творчы форум. Вечарыну для яго ўдзельнікаў правёў вядомы беларускі пісьменнік і паэт Адам Глобус, які не толькі прачытаў свае новыя вершы, але і адказаў на пытанні слухачоў.

 

Аказваецца, у свой час пісьменнік пісаў лісты «ў мінулае» Івану Буніну, яго натхняла маляванне храмаў у гарадах, а зусім нядаўна ён маляваў Нотр-Дам дэ Пары. Выступіў для ўдзельнікаў плэнеру музыка Піт Паўлаў. Завітаў у Друю і Аляксей Шэін, аўтар «Сямі камянёў».

Скончыцца «Скарынер»  30 ліпеня вернісажам — вынікам працы мастакоў, у мурах друйскага кляштара.

Абноўлена 02.08.2017 11:01
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа