Пошук


Музычная майстэрня, якая ў гэтыя дні праходзіць ў Івянцы, дасягнула свайго экватара. 26 ліпеня тут пройдзе прэзентацыя 12 груп, на якія былі падзеленыя ўдзельнікі.

Кожнай з груп было дадзена імя аднаго з апосталаў. Трынаццатую групу, названую ў гонар Марыі Магдалены, утварылі самі арганізатары.

Журналісты Catholic.by паназіралі за тым, як удзельнікі рыхтуюцца да прэзентацый і распыталі ў іх ўражанні ад Майстэрні.

 

«Мы рыхтуем сцэнку са Святога Пісання», — адказваюць у адной з груп. «А мы пакажам евангельскі эпізод з Лазарам», — дадае Яна Дубаневіч з Заслаўя. На Майстэрню ў Івянец яна прыехала з мамай і сястрой.

«Івянец — гэта неапісальныя эмоцыі, — прызнаецца дзяўчына. — Тут можна знайсці і адчуць Хрыста, памаліцца за сваіх родных. Калі хтосьці яшчэ разважае, ці варта ехаць на Майстэрню, магу сказаць упэўненае “так”».

«У нас будзе нумар пра апостала Мацея. Гэта будзе спалучэнне музыкі і вакала», — расказвае Ганна Белашова, парафіянка касцёла з Фаніпаля.

Ганна Белашова з Фаніпаля

Геаграфія Івянца

Мінск, Магілёў, Гарадзея, Пінск, Іўе, Фаніпаль, Слонім... Геаграфія парафій, з якіх у Івянец прыбылі ўдзельнікі, па-сапраўднаму ўражвае.

Ганна Таўрэль з фарнага касцёла ў Гродне, як і Станіслаў Адамовіч з Гомеля, на Майстэрні ўпершыню.

«Пра майстэрню я ведала даўно, але прыехаць атрымалася толькі сёлета, — расказвае Ганна. — І не пашкадавала. У маёй парафіі я спяваю ў хоры, таму з вялікім задавальненнем прымаю ўдзел у майстар-класах па літургічным спеве. Яшчэ падабаюцца нашы распеўкі. Я хацела б выкарыстоўваць гэтыя ўменні ў сваім служэнні».

Станіславу Адамовічу з гомельскай парафіі Нараджэння Маці Божай на Майстэрні больш за ўсё падабаюцца вечаровыя праграмы з малітвай і танцамі.

«Я знайшоў сябе тут у тэатральнай групе, — прызнаецца Станіслаў. — Зараз працуем над інсцэніроўкай прыпынкаў Крыжовы шлях. Вельмі захапляльна!»

Станіслаў вучыцца ў медыцынскім універсітэце ў Кіеве, а прыехаць у Івянец яго заахвоціла родная сястра, якая летась сама ўпершыню была ўдзельніцай Майстэрні.

«Атрыманыя тут веды я магу прымяняць затым у сцэнках у сваёй роднай парафіі, а таксама на месцы вучобы», — дадае хлопец.

Для Рычарда Арлова з Мінска гэтая Майстэрня ўжо чацвёртая па ліку. У Івянцы хлопец іграе на электрагітары. «Сёлета я зноў тут, праўда, пасля вялікага перапынку. Прыемна радуе тэхнічны ўзровень Майстэрні, усё вельмі прафесійна. А яшчэ заўважыў, што ў Майстэрні стала больш падлеткаў (магчыма, проста я ўжо вырас), — прызнаецца Рычард.

Сваю працу кожная група пачынае з малітвы на дзясятку ружанца, а таксама з разважання над Евангеллем.

Лізавета Цыгулёва паходзіць з Пінска, але ў Івянец яна ехала з Варшавы, дзе цяпер вучыцца.

«Упершыню я патрапіла на Майстэрню ў 2012 годзе і з таго часу стараюся прыязджаць штогод, — адзначае дзяўчына. — Тут асаблівая малітоўная атмасфера, калі адчуваеш прысутнасць Бога і знаходзіш адказы на свае пытанні».

У групу музычных інструментаў у Майстэрню сёлета запісалася столькі ўдзельнікаў, што арганізатары вымушаны былі раздзяліць іх на дзве падгрупы.

Тут і барабаны, і бас-гітары, і скрыпкавы квартэт, і нават электрараяль!

«Гітарыстамі» кіруе Кшыштаф Бараноўскі — настаўнік ігры на гітары.

«На майстэрні ў Івянцы я другі раз. Вельмі задаволены матывацыяй ўдзельнікаў. Яны імкнуцца навучыцца ўсяму, што ім важна. Наша ж задача — паказаць ім метад, якім бы яны маглі карыстацца і пасля Майстэрні, калі мы не зможам даваць парады», — адзначае Кшыштаф.

«Наступным этапам у развіцці Майстэрні можа стаць ініцыятыва самой моладзі, — заключае музыкант. — Кожны з іх з’яўляецца носьбітам місіі Музычнай Майстэрні — евангелізаваць праз музыку і тэатр».

Абноўлена 02.08.2017 11:01
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця