Дзве жанчыны самастойна спланавалі пешую пілігрымку і за чатыры дні прайшлі больш за 80 км.
Пра свой досвед дарогі ў санктуарый Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі расказвае Надзея Мажуць, катэхетка парафіі Божага Цела ў Беразінскім.
«Ішлося лёгка. Нічога не баяліся»
У Гудагай на марыйны фэст Надзея Мажуць звычайна прыязджае цягніком з Маладзечна разам з сяброўкамі. Аднойчы па дарозе ад станцыі да санктуарыя на іх абрынулася навальніца. Людзі, якія ішлі ў вёску, вымаклі наскрозь. Але Надзея і дзве яе сяброўкі ...засталіся сухія.
«Для нас гэта быў цуд, — прыгадвае жанчына. — А для мяне — знак. Тады ж і нарадзілася жаданне здзейсніць пешую пілігрымку з Маладзечна ў Гудагай». Як зазначае Надзея, менавіта той выпадак надаў ёй упэўненасці. У пілігрымцы, у якую яна выправілася з сяброўкай Аленай Еўграшынай, яна не адчувала страху.
Дарогу для маршрута яны спраўдзілі ў інтэрнэце. У пілігрымку ўзялі карыматы, спальнікі, дажджавікі і лекі. Яшчэ тэрмас і бутэрброды — на першы дзень.
Ідэя пілігрымкі саспявала ў Надзеі паступова. Калісьці пешшу сюды прыходзілі яе бабуля і прабабуля з Жупранаў, а таксама бацька. Толькі ў іх дарога займала паўдня, а ў Надзеі — чатыры.
«Мы ішлі па шашы, праз лес і поле. Але аднойчы апынуліся на раздарожжы, не ведаючы, які з трох кірункаў выбраць, — прыгадвае жанчына. — Рашылі, што калі пойдзем не туды, то вернемся і збочым. Але выбраная сцежка была той самай». У першы дзень Надзея і Алена прайшлі 17 км і заначавалі ў в. Маркава.
«Зранку да нас з Лебедзева адмыслова прыехаў кс. Уладзімір Русак, каб благаславіць на наступныя 26 км», — прызнаецца Надзея Мажуць.
Большую частку дарогі ў другі дзень яны прайшлі пад дажджом, а пад вечар дайшлі да Смаргоні, дзе заначавалі ў катэхетычным доме пры касцёле. У трэці дзень жанчын чакалі Солы, Дайлідкі і Ашмяны, а таксама размытая пасля дажджу дарога.
Была ў пілігрымцы і духоўная праграма.
«Спявалі Гадзінкі і марыйныя песні, маліліся на ружанцы Вяночак да Божай Міласэрнасці, праводзілі нават “канферэнцыі” — чыталі разважанні і артыкулы з часопіса “Авэ Марыя” — так праходзіў кожны дзень», — заключае Надзея.
Чацвёрты і апошні дзень пілігрымкі жанчынам давялося ісці па жвірыстаму грунту — з безліччу дробных каменьчыкаў пад нагамі. «Нягледзячы на гэтае каменне, уздоўж дарог было вельмі прыгожа — цэлыя букеты кветак рознага колеру, быццам Сама Маці Божая выйшла насустрач нам!» — прызнаецца Надзея.
Хвіліны, калі Надзея і Алена ўваходзілі ў санктуарый, застануцца аднымі з найбольш каштоўных у іх духоўным падарожжы.
«Мы дайшлі! Молячыся перад Маці Божай Шкаплернай, мы аддавалі ёй свае падзякі і просьбы. А яшчэ маліліся, просячы патрэбных ласкаў, здароўя і апекі Марыі Панны для ўсіх добрых людзей — святароў і свецкіх асобаў, якія трапляліся на нашым шляху. Мы адчувалі іх малітву. Няхай Бог ім адудзячыць! Хвала Пану!»