Пошук

17.07.2017 13:32   Арцём Ткачук / Фота: Алена Шаршунс / Catholic.by

У гэтым годзе духоўныя практыкаванні сабралі 16 сем'яў з Гродна, Ліды, Мінска, Глыбокага і Навагрудка. Агулам — 75 чалавек. Сёлетнія тыднёвыя рэкалекцыі назарэтанскіх сем’яў былі дзявятымі па ліку. Ужо традыцыйна сустрэча прайшла ў кляштары сясцёр назарэтанак у Навагрудку.

Сустрэча была прысвечана асабістым адносінам чалавека з Богам. Ксёндз Мікалай Ціхановіч, духоўны кіраўнік рэкалекцый, звярнуў увагу ўдзельнікаў на тое, што «без сапраўдных персанальных зносін з Богам цяжка будаваць адносіны з іншымі людзьмі». Разважанні прысутных базаваліся на чытанні Святога Пісання, бо, як падкрэсліў святар, «будаванне адносін з Богам немагчымае без чытання Бібліі».

Сёлета жадаючых прыняць удзел у такіх рэкалекцыях аказалася так шмат, што сёстры назарэтанкі не змаглі ўсіх прыняць, але плануюць у будучыні пашыраць маштаб рэкалекцый.

«Каб прыняць усіх ахвотных, мы ўсур’ёз задумваемся над арганізацыяй двух тураў рэкалекцый у наступным годзе», — распавяла сястра Марыянна Алешчык CSFN, якая апякуецца сем'ямі ў суполцы Святой Сям'і. — Суполка развіваецца і гэта не можа не цешыць. Мы і далей будзем старацца ўмацоўваць беларускія сем’і».

Даведка

Асацыяцыя Святой Сям’і — суполка сем'яў пры Кангрэгацыі сясцёр назарэтанак. Мэтай суполкі з’яўляецца пашырэнне назарэтанскай духоўнасці сярод сем'яў. Асацыяцыя працуе ў 6 краінах свету і аб’ядноўвае больш за 850 чалавек.

У Беларусі яна дзейнічае з 2008 года. Сустрэчы сем’яў пад кіраўніцтвам сясцёр назарэтанак адбываюцца ў Гродне, Лідзе, Глыбокім, Мінску, Смаргоні, Навагрудку. Некалькі разоў на год назарэтанскія сем’і збіраюцца на агульныя духоўныя практыкаванні ў Навагрудку.

  

 

Абноўлена 17.07.2017 15:03
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа