Пошук

13.07.2017 11:56   Catholic.by

11 ліпеня стартавала ХХІII грэка-каталіцкая пілігрымка Віцебск – Полацк. Боскую Літургію ў грэка-каталіцкім храме Уваскрасення Хрыстовага ў Віцебску ўзначаліў канцлер Грэка-каталіцкай курыі ў Мінску, протапрэзбітар Яўген Усошын.

На шлях пілігрымкі з Віцебска выйшла больш за 40 асобаў. Наступныя пілігрымы далучацца ўжо па дарозе.

Дэвізам пілігрымкі з’яўляюцца словы Францішка Скарыны з прысвячэння да выдадзенай ім 500 гадоў таму ў Празе Бібліі: «Людемъ посполитымъ к доброму научению». Паломніцкі шлях малітвы і «добрага навучання» з Віцебска ў Полацк пілігрымы пройдуць за 5 дзён.

Паводле праграмы, увага пілігрымаў будзе скіраваная да духоўнай спадчыны беларускіх сведкаў веры. Пілігрымы змогуць пазнаёміцца не толькі з асобай Францішка Скарыны, але таксама з постаццю ўніяцкага мітрапаліта Язэпа Вельяміна Руцкага, які шмат клапаціўся аб справе «добрага навучання» моладзі на Беларускіх Землях.

Сёлета адзначаецца 380-я гадавіна завяршэння зямнога жыцця мітрапаліта Язэпа Вельяміна Руцкага (1637) і 400-годззе ягонай рэформы ўсходняга манаства – арганізацыі Ордэна базыльянаў.

Каб дапамагчы вернікам больш глыбока пазнаёміцца з постаццю і спадчынай Мітрапаліта, Сяргеем Раюнцом было падрыхтавана катэхетычнае відэа «Дзеля ўмацавання Еднасці», якое змяшчаем ніжэй.

Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек запрасіў да ўдзелу ў пілігрымцы ўсіх жадаючых:

«Кожны можа стаць удзельнікам пілігрымкі і прайсці шлях малітвы і “добрага навучання”. З радасцю вітаем вернікаў розных хрысціянскіх канфесій і людзей добрай волі. Можна фізічна прайсці ўсю дарогу, можна далучыцца да шляху пілігрымкі ў любы дзень, а таксама дапамогчы і падтрымаць малітвай, постам, духоўнымі і матэрыяльнымі ахвяраваннямі. “Добрае навучанне” – гэта чытанне Слова Божага, пазнанне сведкаў веры Беларускіх Земляў, падзяка Госпаду за Бацькоў у веры. Сталася каштоўнай традыцыяй, што пілігрымка – гэта шлях міжхрысціянскай любові і салідарнасці».

Пасля сканчэння пілігрымкі, 16 ліпеня ў Полацку пройдзе святочная Боская Літургія. Набажэнства адбудзецца ля храма св. Параскевы Полацкай і распачнецца а 10:30.

Адрас правядзення набажэнства:

Полацк, прыватны сектар «Кароўнікі», вул. Навасёлаў, 70 (даезд ад вакзала аўтобусам № 8 - да канцавога прыпынка «вул. Бабушкіна»)

Словы падтрымкі і духоўнай салідарнасці можна накіроўваць на адмысловы электронны адрас: polatsk170@gmail.com

Па ўсіх пытаннях можна звяртацца па тэлефонах:

а. Зміцер (29) 675 29 97 (Velcom);

Андрэй (29) 88 99 550 (МТС)

Абноўлена 14.07.2017 17:17
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця