Урачыстай Святой Імшой у Пінскай катэдры і малітвай ля саркафага кардынала Казіміра Свёнтка скончыліся духоўныя разважанні для хлопцаў, якія праходзілі ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі св. Тамаша Аквінскага ў Пінску з 6 па 9 ліпеня.
Рэкалекцыі сабралі 8 юнакоў з Віцебскай, Мінска-Магілёўскай і Пінскай дыяцэзій. На працягу чатырох дзён маладыя людзі разважалі над сваім жыццёвым шляхам. Сёлетнія дні духоўнага засяроджання праводзіў малады святар ксёндз Павел Трон, вікарый мінскага касцёла святых Сымона і Алены. На гэтай дарозе іх суправаджалі таксама выхаваўцы семінарыі.
На працягу рэкалекцый маладыя людзі мелі магчымасць удзельнічаць у святой Імшы, служыць пры алтары, прыступіць да сакрамэнту споведзі і паразмаўляць са святарамі. У праграму сустрэчы таксама былі ўключаны супольныя малітвы, канферэнцыі на тэму жыццёвага паклікання, спатканні з фарматарамі і навучэнцамі МВДС, супольны адпачынак і экскурсія па Пінску.
У другі дзень рэкалекцый з маладымі людзьмі сустрэўся пінскі біскуп Антоній Дзям’янка. Падчас Эўхарыстыі іерарх разам з юнакамі разважаў пра таямніцу Божага Сэрца, асабліва падкрэсліўшы, што менавіта гэтае зраненае Сэрца – «крыніца ўсялякіх ласк для кожнага чалавека».
У апошні дзень духоўных разважанняў удзельнікі рэкалекцый маліліся падчас святой Імшы ў пінскай катэдры. На заканчэнне сустрэчы маладыя людзі наведалі крыпту касцёла, дзе пахаваны кардынал Казімір Свёнтэк.