Пошук

26.06.2017 14:17   Тэкст і фота: Кацярына Лаўрыненка / Catholic.by

Да 500-годдзя беларускай Бібліі была прымеркавана выстаўка «Горад Францішка Скарыны вачыма мастакоў» у галерэі касцёла Святога Духа ў Віцебску, адкрыццё якой адбылося 23 чэрвеня ў межах правядзення міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыяі «Францішак Скарына і яго духоўная спадчына ўчора і сёння».

Гэтая выстаўка — плён працы мастакоў па матывах двух пленэраў імя Яна Хруцкага — «Полацк Францішка Скарыны» (2015) і «Полацк вачыма Францішка Скарыны» (2016), якія праводзіліся на базе грэка-каталіцкай парафіі Пакутніка Язафата ў Полацку. Арганізоўваў пленэры айцец Аляксандр Шаўцоў, пробашч гэтай парафіі.  

На выстаўцы прадстаўлены карціны мастакоў Віктара Жукава, Івана Іванова, Вячаслава Літвіна, Андрэя Міхайлава, Зміцера Мшара, Сяргея Чарціліна, Андрэя Піскуна, Аляксея Яўсеева.

На адкрыцці выстаўкі прысутнічалі не толькі госці і ўдзельнікі канферэнцыі, але і некалькі мастакоў — аўтараў карцін, прадстаўленых на экспазіцыі.



Мастакі адзначылі, што ўдзел у гэтых пленэрах для іх — вялікі досвед не толькі у мастацкім, але перадусім у духоўным плане. «Мастакі жывуць успамінамі пра гэтыя пленэры», — падкрэсліў айцец Аляксандр Шаўцоў, арганізатар пленэраў і выстаўкі. Святар прызнаўся, што сапраўдным адкрыццём для яго было тое, што ён сам стаў «актыўным саўдзельнікам падобнай ініцыятывы».

У планах святара — стварэнне на базе грэка-каталіцкай парафіі Пакутніка Язафата ў Полацку мастацкай галерэі, якую наведвалі б  не толькі вернікі, але і ўсе тыя, хто цікавіцца мастацтвам. «У гэтых працах адчуваецца дух Яна Хруцкага і Францішка Скарыны», — адзначыў айцец Аляксандр.

У галерэі касцёла Святога Духа выстаўка будзе адкрыты на працягу некалькіх месяцаў.

Кацярына Лаўрыненка, фота аўтара

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 12.07.2017 00:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа