Пошук

03.07.2017 19:47  

Кожны марыйны санктуарый — гэта дом Маці. На гэта звярнуў увагу біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка падчас урачыстасцяў Маці Божай Брэсцкай, якія праходзілі 3 ліпеня ў санктуарыі Маці Божай у Брэсце.

«Усе мы добра ведаем дзве каштоўнасці — дом і маці. Гэта нашы глыбокія чалавечыя пачуцці. І гэтыя пачуцці тут, у санктуарыі, перасякаюцца з пачуццямі веры», — падкрэсліў іерарх напачатку гаміліі.

Біскуп Пінскі нагадаў, што колькасць санктуарыяў у Еўропе і ў свеце ўвесь час павялічваецца, бо не толькі «Марыя жадае мець такія прасторы для спатканняў, але і людзі іх патрабуюць».

«З такой патрэбы сэрцаў больш за дваццаць гадоў таму з’явіўся і санктуарый Маці Божай Брэсцкай, — нагадаў прысутным іерарх. — Гэтае месца з’яўляецца прасторай спаткання Марыі са сваімі дзецьмі ад канца XVI–XVII стст.». Менавіта ад таго часу тут знаходзіцца абраз Маці Божай Брэсцкай.

У 1851 годзе дамініканскі касцёл згарэў, і тады з 37 абразоў захаваўся толькі адзін. Гэта і стала знакам таго, што тут павінна быць святыня ў гонар Маці Божай.

«Гэтае месца было і ёсць нашай Канай Галілейскай. Сюды нас паклікала Маці і ўсцяж прамаўляе, указваючы на Хрыста: зрабіце ўсё, што Ён загадае вам. Прамаўляе да нас, калі мы прыходзім сюды са сваімі клопатамі і праблемамі, калі нас пакідае надзея», — адзначыў біскуп Антоні.

На заканчэнне іерарх заклікаў дзякаваць Богу «за пакаленні продкаў, якія вучылі нас пілігрымаваць да санктуарыяў у святыя месцы і моцна трываць у веры».

«Няхай Марыя паказвае Хрыста наступным пакаленням. Няхай людзі знаходзяць тут параду і супакой асабліва ў хвіліны выпрабаванняў, якія цяжка перажыць: калі прыходзіць хвароба, смерць ці страта сэнсу жыцця. Няхай Яе словы — зрабіце ўсё, што Ён вам загадаў, — стануць нашым правадніком у жыцці», — заклікаў біскуп Пінскі.

У Брэсце ўшаноўваецца славуты цудамі абраз Маці Божай Брэсцкай— Маці-Выратавальніцы, які з’яўляецца копіяй абраза Маці Божай з рымскай базылікі Santa Maria Maggiore. 30 чэрвеня 1996 года кардынал Казімір Свёнтэк усклаў кароны на выяву Маці Божай у гэтым абразе.

(cath/vgr)

Абноўлена 11.07.2017 14:04
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.