Пошук

26.06.2017 10:11  

23-25 чэрвеня ў Баранавічах прайшоў ІІ Агульнабеларускі кангрэс сем’яў. Форум быў прысвечаны тэме адносін у сям’і. Арганізатарам кангрэсу выступіла Рада па справах сям’і пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

У кангрэсе прыняло ўдзел каля 100 чалавек, у тым ліку дарадчыкі сямейнага жыцця, сямейныя кансультанты, удзельнікі курсаў сямейнага жыцця і іншыя, зацікаўленыя сямейнай тэматыкай.



Распачаўся кангрэс малітвай на чале з біскупам Пінскім Антоніем Дзям’янкам, які з’яўляецца старшынёй Рады па справах сям’і пры епіскапаце Беларусі.

Адкрываў кангрэс даклад біскупа Пінскага, у якім іерарх гаварыў пра прыклад Святой Сям’і, а таксама прыгадаў апошні дакумент Сіноду біскупаў Amoris leticiae, які акрэслівае важнейшыя моманты ў сямейным душпастырстве.

Таксама былі абмеркаваны праблемы, з якімі сутыкаюцца муж і жонка ў сужэнскім жыцці, а таксама спосабы іх вырашэння.

У другі дзень кангрэса перад прысутнымі выступілі рэктар Міждыяцэзіяльнай духоўнай семінарыі імя Зыгмунта Лазінскага ў Пінску кс. Андрэй Рылка, які прадставіў філасофскую канцэпцыю чалавека апошніх стагоддзяў.


«Найважнейшай і актуальнай для нас з’яўляецца хрысціянская канцэпцыя, паводля якой чалавек з’яўляецца асобай недасканалай — г.зн. індывідуальнай і разумнай субстанцыяй», — заўважыў лектар.

Як дадаў кс. Андрэй Рылка, заданнем чалавека як асобы з’яўляецца выхад з унутранага свету ў свет знешні і кантакт з іншымі людзьмі, а «вяршыняй усіх адносін з’яўляюцца адносіны з Богам».

Псіхолаг і хрысціянскі псіхатэрапеўт Наталля Пан распавяла прысутным пра «камунікацыю з сабою». Слухачы маглі адказаць на пытанне: як часта мы размаўляем з канкрэтным чалавекам, а як часта толькі са сваімі фантазіямі пра таго чалавека?

Таксама на кангрэсе былі абмеркаваны адрозненні ў адносінах паміж мужчынам і жанчынай, а таксама прынцып пабудовы добрых адносін паміж бацькамі і дзецьмі.

У прыватнасці, была падкрэслена важнасць таго, каб даваць дзецям пачуццё бяспекі, давяраць сваім і любіць іх бескарысна, паказваць прыклад узаемнай любові бацькоў, даць дзецям магчымасць пакінуць бацькоўскі дом, што эмацыйна і фізічна можа быць добрай умовай для таго, каб быць добрым бацькам ці маці ў будучыні.

Асобная ўвага была ўдзелена тэме камунікацыі з усыноўленымі дзецьмі.

Зазначалася, што ад таго, якім будзе свет сям’і, будзе залежаць будучыня ўсыноўленага дзіцяці. Таму вельмі важна, прымаючы ў сям’ю чалавека, дапамагаць яму ў адкрыцці ў сабе таго дабра, якое ў ім ёсць.

Удзельнікі кангрэсу маглі таксама ананімна задаць асабістыя пытанні дакладчыкам.


Апошні дзень кангрэсу распачаўся св. Імшой, якую цэлебраваў а. Віталій Сапега ОР, душпастыр сем’яў Віцебскай дыяцэзіі. Пазней адбывалася праца ў групах, дзе ўдзельнікі разважалі на тэму канфліктаў у сям’і і спосабаў іх вырашэння.

Арганізатары кангрэса выказваюць падзяку ўсім тым, хто прычыніўся да таго, каб гэты кангрэс адбыўся.

А. Пётр Франтэнга OCD, фота з архіва аўтара

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 16.05.2018 17:30
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця