Пошук
03.06.2018 18:42   Тэкст і фота: а. Пётр Фраштэнга OCD / Catholic.by

З 1 па 3 чэрвеня ў межах падрыхтоўкі да ІХ Сусветнай сустрэчы сем’яў у Дубліне (Ірландыя) у Баранавічах пад дэвізам «Евангелле сям’і — радасць для свету» праходзіў ІІІ агульнабеларускі Кангрэс каталіцкіх сямейных рухаў.

У першы дзень працы форуму дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB прадставіў яго ўдзельнікам вынікі праведзенага кс. Юзафам Сярпейкам апытання, якое датычылася сям’і і сужэнства.

Другі дзень працы Кангрэса быў прысвечаны выступленням дакладчыкаў.

Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка ў сваім дакладзе пад назваю «Сям’я і Касцёл» засяродзіўся над адносінамі Касцёла да сям’і, на яе канцэпцыі ў натуральным праве і веравучэнні Касцёла, а таксама на тым, які аўтарытэт інстытут сям’і мае сёння ў свеце.

Іерарх, які ў беларускім епіскапаце з’яўляецца старшынёй Рады па справах сям’і, у сваім выступе падрабязна і аўтарытэтна растлумачыў тое, што не ўсім было зразумела ў прысвечанай сям’і паслясінадальнай апостальскай адгартацыі папы Францішка Amoris lætita.

Рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску кс. Андрэй Рылка ў сваім дакладзе падкрэсліў, што пытанне пра сужэнства і сям’ю — гэта пытанне пра чалавечнасць.

На ідэалагічным полі ў гэтай сферы адно аднаму супрацьстаяць два розныя падыходы: індывідуалісцкі — «я» — і калектывісцкі — «мы». Таталітарная ідэалогія наогул успрымае сям’ю як пагрозу. Хрысціянства супрацьстаіць ідэалагізацыі гэтага пытання, якое закранае саму сутнасць чалавечай істоты, і прапануе асабовы, персаналістычны падыход, які адзіны дае нескажонае бачанне сужэнства і сям’і.

Ксёндз Пшэмыслаў Дронг, нацыянальны душпастыр сем’яў з Польшчы, прадставіў даклад на тэму «Касцёл на служэнні сям’і».

У ім ён звярнуў увагу на пачаткі сужэнства і сям’і ў гісторыі збаўлення. Дакладчык таксама пазнаёміў прысутных з метадамі працы з сем’ямі ў Касцёле ў Польшчы. Асаблівую ўвагу ён звярнуў на падрыхтоўку нарачоных да сакрамэнту сужэнства.

Салезіянін кс. Павел Шчарбіцкі падзяліўся вопытам выхавання дзяцей, які пакінуў сваім духоўным нашчадкам св. Ян Боско.

Аўтар папераджальнай сістэмы лічыў, што ў выхаванні неабходныя розум, вера і любоў і што Бог удзельнічае ў кожным этапе выхаваўчага працэсу. Толькі з Божаю дапамогаю магчыма выхоўваць дзяцей. Важна таксама, каб бацькі адчувалі любоў сваіх дзяцей.

У апошні дзень працы Кангрэсу для яго ўдзельнікаў быў арганізаваны майстар-клас, які правяла Віялета Віткаўскене, адказная за душпастырства сем’яў у Літве. Яна пазнаёміла прысутных з новымі падыходамі ў падрыхтоўцы да сужэнства.

Абноўлена 04.06.2018 15:12
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа