Пошук

02.06.2018 08:00   Фота: а. Пётр Фраштэнга OCD / Catholic.by

1 чэрвеня ў Баранавічах стартаваў ІІІ агульнабеларускі Кангрэс каталіцкіх сямейных рухаў, які праходзіць у межах падрыхтоўкі да ІХ Сусветнай сустрэчы сем’яў у Дубліне (Ірландыя). Дэвіз сустрэчы — «Евангелле сям’і — радасць для свету».

У Кангрэсе бяруць удзел каталіцкія сем’і, духоўныя асобы, якія асаблівым чынам займаюцца душпастырствам сем’яў і іх свецкія супрацоўнікі, удзельнікі сямейных рухаў і арганізацый у падтрымку сужэнства і сям’і.

На самым пачатку прысутных удзельнікаў прывітаў нацыянальны душпастыр сем’яў а. Пётр Фраштэнга OCD. Першым на сямейным форуме выступіў з дакладам дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB. У ім біскупскі вікарый для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці раскрыў тэму «Чаму сужэнства і сям’я маюць важнае значэнне для Касцёла».

Іерарх адзначыў, што ў сучасную эпоху няспынна ўзрастала зацікаўленасць Касцёла праблемамі сужэнстваў і сем’яў.

Пачынаючы з папы Льва XIII усе Пантыфікі афіцыйна выказваліся на гэтую тэму, да якой неаднаразова звяртаўся таксама Другі Ватыканскі Сабор. У наш час папа Францішак склікаў два Сіноды Біскупаў, якія былі прысвечаны сямейная тэматыцы, і па іх выніках з’явілася апостальская адгартацыя Amoris Laetitia — «Радасць любові». Гэтая адгартацыя, як зазаначыў біскуп Яшэўскі, сёння з’яўляецца самым вялікім афіцыйным дакументам, прысвечаным тэме сужэнства і сям’і ў вучэнні Касцёла.

У сваім дакладзе біскуп Яшэўскі не абмінуў і пагрозаў для сям’і ў сучасным свеце, а таксама распавёў пра тыя шляхі, якія Касцёл прапануе для іх вырашэння. На першым месцы сярод пагрозаў для сямейных каштоўнасцяў іерарх назваў адмаўленне ад нараджэння дзяцей, якое праяўляецца ў абортах, кантрацэпцыі і «кантрацэптыўнай ментальнасці» і з’яўляецца наступствам эгаістычнага жадання жыць «толькі для сябе». Сярод іншых небяспечных з’яваў біскуп Яшэўскі назваў гендэрную ідэалогію, аднаполыя «саюзы», якія нельга назваць сужэнствамі, сучасныя дапаможныя рэпрадукцыйныя тэхналогіі.

«На жаль, сучасныя тэндэнцыі і погляды на сужэнства і сям’ю, якія прысутнічаюць у тым ліку ў касцёльным асяроддзі і супярэчаць аб’ектыўнай праўдзе пра сужэнства і сям’ю, аб’яўленай у Бібліі, таксама становяцца пагрозай», — падкрэсліў першы дакладчык. Для такго, каб супрацьстаяць гэтым пагрозам, на яго думку, якая грунтуецца на вучэнні Касцёла ў гэтай сферы, неабходна нанава адкрыць першасны план Стварыцеля адносна сужэнства і сям’і.

Каб не быць галаслоўным, біскуп Яшэўскі спаслаўся на вынікі апытання, якое ў межах падрыхтоўкі яго дакладу на Кангрэсе правёў вікарый катэдральнай парафіі ў Магілёве кс. Юзаф Сярпейка.

Апытанне было праведзена на пачатку мая пры дапамозе сацыяльнай сеткі «Інстаграм». Усяго ў ім узялі ўдзел 470 чалавек: 250 падлеткаў ва ўзросце 14–18 гадоў (48, 9% апытаных); 170 маладых людзей ва ўзросце 19–35 (36, 2%); 70 дарослых людзей ва ўзросце 36–60 гадоў (14, 9 %). Апроч розніцы ва ўзросце, апытаныя з’яўляюцца вернікамі розных хрысціянскіх канфесій альбо лічаць сябе атэістамі ці агностыкамі.

Удзельнікам было прапанавана 7 закрытых пытанняў, на якія трэба было адказаць «так» або «не», і 2 адкрытыя пытанні, на якія трэба было даць разгорнуты адказ.

На першае пытанне «Ці даражыш ты сваёй сям’ёй?» 98 працэнтаў апытаных адказалі «так», з іх падлеткі — 100 працэнтаў, моладзь — 94 працэнты, дарослыя — 100 працэнтаў. Такім чынам, адмоўны адказ на гэтае пытанне далі 2 працэнты апытаных, усе яны — маладыя людзі.

На другое пытанне «Ці з’яўляецца для цябе сям’я каштоўнасцю?» 99 працэнтаў апытаных далі станоўчы адказ. 1 працэнт анкетаваных — маладыя людзі — далі адмоўны адказ.

На трэцяе пытанне «Ці лічыш ты важнымі ўзаемаразуменне, узаемапрабачэнне і ўзаемную любоў паміж усімі членамі сям’і?» усе апытаныя адказалі «так».

Адказы на чацвёртае пытанне — «Ці лічыш ты, што для цябе важныя абое бацькоў: і тата, і мама?» — размеркаваліся наступным чынам: 85 працэнтаў адказалі «так», а 15 працэнтаў, большасць з якіх падлеткі і моладзь, адказалі «не».

На пятае пытанне «Ці лічыш ты, што добрыя адносіны ў сям’і вучаць цябе будаваць добрыя адносіны ў грамадстве?» станоўча адказалі 91 працэнт апытаных, адмоўна — 9 працэнтаў удзельнікаў апытання, пераважна падлеткі і моладзь.

З тым, што сям’я не толькі ставіць патрабаванні, але і дае апору, згадзіліся 89 працэнтаў апытаных, а адмоўна адказалі 11 працэнтаў, прычым усе яны адносіліся да групы падлеткаў.

На сёмае пытанне «Ці лічыш ты, што сям’я з’яўляецца важным элементам у будаванні грамадства?» 96 працэнтаў адказалі «так», і толькі 4 працэнты — падлеткі — з гэтым не згадзіліся.

Восьмае пытанне было адкрытае і гучала наступным чынам: «Калі сям’я для цябе важная, то чаму?» Абагульняючы адказы на яго, біскуп Яшэўскі зрабіў выснову, што для большасці апытаных сям’я з’яўляецца гарантам многіх духоўных і матэрыяльных каштоўнасцяў; надзейнай апорай і падтрымкай; месцам, дзе можна адчуваць сябе ў бяспецы, а таксама патрэбным і важным. Для многіх сям’я — гэта крыніца любові.

Дзявятае пытанне таксама было адкрытае: «Як вы разумееце каштоўнасць сакрамэнту сужэнства — замацавання сваіх адносінаў праз прысягу перад Богам у святыні?» Адказы на гэтае пытанне былі разнастайныя. Апытаныя падлеткі ў асноўным прызнаваліся, што нічога не ведаюць пра сакрамэнт сужэнства і таму пераважна ўстрымаліся ад адказу.

Большасць маладых людзей выказаліся пазітыўна, аднак пры гэтым адзначалі, што, магчыма, іх адказы звязаны з прыхільнасцю да традыцыі або з прэстыжам заключаць сужэнства ў святыні; што яны хацелі б да канца жыцця заставацца вернымі словам прысягі.

Дарослыя ў большасці сваёй выказваліся станоўча, мяркуючы, што толькі Божая дапамога «трымае» іх сужэнствы ў еднасці і непарыўнасці, а «глыбокі давер да Бога» дапамагае знаходзіць узаемаразуменне і сілы захоўваць сужэнскую прысягу да канца.

Грунтуючыся на выніках апытання, дакладчык сцвердзіў, што сужэнства і сям’я важныя не толькі для Касцёла, але і для сучаснага чалавека наогул.

На заканчэнне дакладу біскуп Яшэўскі падкрэсліў, што сям’я — гэта будучыня Касцёла і хрысціянскай цывілізацыі. Без моцных шматдзетных сем’яў, адкрытых для жыцця, Касцёл асуджаны на маргіналізацыю, бо ў ім не будзе ні місіянераў, ні манахаў, ні святароў, ні біскупаў. А без гэтага вельмі складана гаварыць пра рэальнае будаванне і рост Божага Валадарства, зазначыў іерарх, пажадаўшы ўсім удзельнікам кангрэсу поспехаў у служэнні на карысць сужэнства і сям’і.

Пасля даклада біскуп Алякасандр Яшэўскі ўзначаліў цэлебрацыю св. Імшы для ўдзельнікаў, да якой далучыліся ўсе прысутныя на Кангрэсе святары. У сваёй гаміліі іерарх падкрэсліў важнасць такіх сямейных форумаў у той час, калі ў свеце з’яўляецца ўсё больш пагрозаў для сям’і, што не абмінулі таксама і беларускія сем’і. Пасля Эўхарыстыі і супольнай вячэры перад ўдзельнікамі Кангрэса выступіў беларускі хрысціянскі гурт Laudans.

Абноўлена 02.06.2018 09:15
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа