29 чэрвеня, ва ўрачыстасць святых Пятра і Паўла, на адкрытай канцэртнай пляцоўцы ў самым цэнтры Магілёва ўпершыню выступіў каталіцкі гурт Laudans. Гурт даў амаль гадзінную праграму, а на заканчэнне выступу атрымаў дыплом удзельнікаў XXII Міжнароднага фестывалю духоўнай музыкі «Магутны Божа».
«Мэта нашай дзейнасці, — адзначае ўдзельнік гурта Laudans Андрэй Лугін, — збіраць людзей разам, даваць ім магчымасць для кантакту і такім чынам аб’ядноўваць іх, накіроўваючы сваёй музыкай і прамовамі думкі слухачоў на “душэўнае”, праз якое іх сэрцы наладжваюцца на “духоўнае”. Фестываль “Магутны Божа” — выдатная нагода, каб людзі ўспомнілі пра патрэбы душы. Гэта цудоўна — ісці па горадзе, дзе паўсюль гучыць хрысціянская музыка, і адчуваць, што людзі прагнуць яе. Бо з уласнага вопыту магу сказаць, што, калі ў іншых гарадах проста на вуліцы спяваеш пра Бога, людзі часам ставяцца да гэтага з нейкай асцярогай. Тут жа падчас фестывалю хрысціянская музыка гучыць у самым цэнтры горада, усе спяваюць і радуюцца. Таму Магілёў нас вельмі прыемна здзівіў і ўразіў».
Каталіцкая моладзь Магілёва, якая ведае і любіць рэпертуар Laudans, таксама падзялілася сваімі ўражаннямі пра выступ гурта.
«Упершыню Laudans выступаў у маім родным горадзе, і мне было вельмі прыемна спяваць мае любімыя песні разам з гуртом», — адзначае Кацярына Баханкова.
Іне Царанок асабліва падабаецца, як грае ўдзельніца гурта Алена. «Сінтэзатар для мяне — вельмі цікавы і дзіўны інструмент, а тое, што з ім робіць Алена, — вельмі класна. Увогуле Laudans хутка знайшлі агульную мову з публікай, і мне іх выступ запомніўся як адна з найцікавейшых падзеяў фестываля».
Яна Шумская
Фота аўтара