25 чэрвеня ў касцёле Божага Цела ў Нясвіжы кс. Раман Страшко, выпускнік пінскай семінарыі, цэлебраваў прыміцыйную святую Імшу. Прэзбітэрскае пасвячэнне Раман Страшко атрымаў 24 чэрвеня ў мінскай архікатэдры з рук дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрыя Касабуцкага.
Ксёндз Раман Страшко — ужо трэці святар, які паходзіць з нясвіжскай парафіі, пасля кс. Юрыя Санько і кс. Аўгуста Калясінскага.
Урачыстасці распачаліся каля парафіяльнага дома, адкуль ксёндз новапрэзбітэр, апрануўшы комжу і стулу, прайшоў у вянку ў сваю родную святыню. Перад цэлебрацыяй першай святой Імшы святар атрымаў благаслаўленне ад сваіх бацькоў.
Вітаючы ксяндза Рамана, пробашч нясвіжскай парафіі кс. канонік Пётр Шарко заўважыў, што сёння парафія вітае «нашага Рамана», які пачынае несці нялёгкае святарскае служэнне ў Божым Касцёле.
На ўрачыстай святой Імшы сабраліся святары — сябры, выкладчыкі і знаёмыя ксяндза Рамана, дыяканы, а таксама семінарысты і шматлікія свецкія вернікі.
Гамілію падчас прыміцыйнай святой Імшы прамовіў кс. канонік Дзмітрый Пухальскі, канцлер курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. У гаміліі святар звярнуў увагу на адказнасць у святарскім служэнні, указаўшы, што, каб несці Хрыста іншым людзям, неабходна самому дасведчыць Божую Міласэрнасць.
На заканчэнне святой Імшы вернікі склалі новапрэзбітэру пажаданні моцнай веры, Божага благаслаўлення і апекі Найсвяцейшай Маці на нялёгкім шляху святарскага служэння.
Таксама, згодна з прывілеем, удзеленым Апостальскай Сталіцай, у гэты дзень прысутныя маглі атрымаць прыміцыйнае благаслаўленне новапрэзбітэра і поўны адпуст.
Завяршылася святкаванне супольнай сустрэчай і пасілкам у парафіяльным доме.
(cath/vgr)
Фота кс. Аўгуста Калясінскага