Пошук

12.06.2017 10:14  

XIII Міжнародная медыцынская канферэнцыя на тэму «Праблемы ўрачэбнай этыкі ў сучасным свеце» прайшла 9 і 10 чэрвеня ў Віцебску.

Сярод удзельнікаў канферэнцыі былі прафесар Папскай акадэміі навук мансеньёр Жак Судо, дырэктар гінекалогіі ўніверсітэцкай клінікі «Агасціна Джамелі» і дырэктар Міжнароднага навуковага інстытута Паўла VI Каталіцкага ўніверсітэта Святога Сэрца ў Рыме прафесар Рыкарда Марана, а таксама вучоныя, медыкі і святары з Беларусі, Расіі, Польшчы і Шры-Ланкі.

На канферэнцыі былі абмеркаваныя пытанні педыятрыі, духоўныя аспекты барацьбы з абортамі і эўтаназіяй, а таксама Хартыя супрацоўнікаў аховы здароўя, прынятая ў Ватыкане ў лютым 2017 года.

Вітальнае слова да ўдзельнікаў канферэнцыі падчас яе адкрыцця прамовіла начальнік упраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама Андрэй Андрушкін і біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

«Мы павінны адмовіцца ад гульні ў Бога»: некаторыя аспекты з дакладаў удзельнікаў канферэнцыі

Прафесар Рыкарда Марана прадставіў вынікі даследаванняў на тэму «Медыцына фертыльнасці і жаночае рэпрадуктыўнае здароўе». Мансеньёр Жак Судо з Францыі выступіў з дакладам «Ідэальнае дзіця».

«Якасці, якія мы хочам бачыць у дзіцяці, не могуць быць атрыманы праз налады некалькіх нуклеацідаў. Дзіця патрабуе любові, цярплівасці, клопату і прысутнасці вакол сябе бацькоў, уключаючы бацьку. Думаць інакш — гэта пераацэньваць разуменне біялогіі і ролю генаў у вызначэнні таго, кім мы з’яўляемся. Мы павінны адмовіцца ад гульні ў Бога», — адзначыў французскі дакладчык.

Дамініканін Віталій Сапега OP прадставіў асноўныя моманты «Хартыі супрацоўнікаў аховы здароўя», якая прапаноўвае прынцыпы, якія дазваляюць прымаць правільнае этычнае рашэнне згодна з вучэннем Хрыста і Касцёла.

Праблемам прафілактыкі і лячэння туберкулёзу былі прысвечаны даклады медыкаў са Шры-Ланкі.

Біскуп Алег Буткевіч узначаліў св. Імшу ў касцёле Святога Духа, падчас якой маліўся за ўдзельнікаў канферэнцыі, а таксама ўсіх медработнікаў, дзякуючы ім за міласэрнасць, ахвярнасць і нялёгкую працу.

А. Кляменцій Верт SJ, мадэратар курыі Віцебскай курыі
Людміла Ярмолава, урач УА «Віцебская абласная клінічная бальніца»
Фота Аляксея Гапановіча

Абноўлена 16.08.2017 13:51
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця