Пошук

12.06.2017 00:00   Тэкст і фота: Кацярына Лаўрыненка / Catholic.by

Публічнае сведчанне веры далі католікі Віцебска і ўсёй дыяцэзіі, прайшоўшы 10 чэрвеня ў Эўхарыстычнай працэсіі вуліцамі абласнога цэнтра з нагоды ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Езуса. 

Гэтая ўрачыстасць прыпадае на чацвер пасля ўрачыстасці Найсвяцейшай Тройцы і ў гэтым годзе адзначаецца 15 чэрвеня. Неад’емнай часткай ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Езуса з’яўляецца Эўхарыстычная працэсія, якая ў вялікіх гарадах часта пераносіцца на бліжэйшы выхадны дзень, каб у ёй маглі прыняць удзел як мага больш вернікаў.

Асаблівае месца ў працэсіі займалі хлопчыкі і дзяўчынкі, якія сёлета ўпершыню прыступілі да Першай святой Камуніі. Працэсіі папярэднічала Эўхарыстыя ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага, якую ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.



У сваёй гаміліі іерарх адзначыў, што працэсія з’яўляецца не проста данінай традыцыі: «Гэта адказ на жаданне нашага Збаўцы быць разам з намі там, дзе мы жывём — у нашых гарадах, вёсках, месцах працы. Гэтае прыгожае шэсце павінна нагадваць нам аб тых, каго мы сустрэнем сёння, што Езус крочыць разам з намі па жыцці, каб нас ратаваць, сцерагчы ад бедаў, дапамагаць і благаслаўляць».

Біскуп Віцебскі нагадаў, што працэсія «будзе мець рысы той місіі, якую калісьці ўсклаў Бог на прарока Ёну, пасылаючы яго ў вялікі горад Нініву, каб заклікаць да навяртання і перамены жыцця».

«Сёння ідзе змаганне за душу чалавека і перамога магчыма толькі дзякуючы нашай веры», — падкрэсліў іерарх.
 
Як дадаў біскуп, «ідучы сёння за Хрыстом Эўхарыстычным, змешчаным у манстранцыі, варта памятаць, што кожны з нас, прымаючы святую Камунію, таксама становіцца манстранцыяй, якая павінна прадставіць свету Хрыста, Ягоную любоў, міласэрнасць  і прабачэнне».

Нагадваючы пра словы Езуса, скіраваныя да апосталаў — быць сведкамі, —іерарх нагадаў, што «гэты абавязак спачывае таксама на нас — апосталах і вучнях Хрыста XXI стагоддзя», а «сённяшняя працэсія — гэта штуршок, каб прыгадаць сабе абавязак, які мы прынялі, становячыся хрысціянамі».

Падчас Імшы біскуп асвяціў харугву парафіі Cвятога Уладзіслава. Гэта пятая каталіцкая парафія ў Віцебску. Яна знаходзіцца ў мікрараёне Білева і сваю дзейнасць распачала адносна нядаўна.

Працэсія з Найсвяцейшым Сакрамэнтам прайшла традыцыйным маршрутам па вуліцы Чкалава мікрараёна Поўдзень ад катэдральнага касцёла Езуса Міласэрнага да касцёла Святога Духа, па дарозе спыняючыся каля чатырох стацыйных алтароў. Каля кожнага алтара чытаўся ўрывак з Евангелля пра Еўхарыстыю, пасля чаго адбывалася благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

Мінакі з цікавасцю паглядалі на ўдзельнікаў працэсіі, якія крочылі спякотным днём вуліцамі Віцебска, даючы публічнае сведчанне сваёй веры і дэманструючы, што католікі з’яўляюцца неад’емнай часткай горада. Спеў эўхарыстычных песень разносіўся далёка па наваколлі.

У гэтым годзе ў працэсіі вернікі неслі і фігуру Маці Божай Фацімскай, пэрэгрынацыя якой у 100-годдзе фацімскіх аб’яўленняў адбываецца зараз у Віцебскай дыяцэзіі.



Кацярына Лаўрыненка, фота аўтара

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 16.08.2017 14:00
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа