Пошук

13.06.2017 00:00  

11 чэрвеня ў Сцешыцкай парафіі Перамянення Пана, што на Вілейшчыне, адбылася прыміцыйная святая Імша а. Паўла Лемеха ОМІ, місіянера аблата Марыі Беззаганнай.

27 мая дыякан Павел атрымаў у Обры (Польшча) прэзбітэрскае пасвячэнне, і цяпер ужо ў якасці святара вярнуўся ў сваю родную вёску, парафію, у матчыну хату.

Сёння Місіянеры аблаты Марыі Беззаганнай нясуць сваё служэнне больш чым ў 70 краінах свету, у тым ліку і ў Беларусі. Святар Павел Лемех OMI стаў трэцім ураджэнцам Беларусі ў супольнасці Місіянераў Аблатаў Марыі Беззаганнай.

Паша са Сцешыцаў

Па традыцыі ўрачыстасць распачалася працэсіяй ад дому новапрэзбітара, дзе яго благаславіла маці. А затым разам з пробашчам кс. Пятром Пятрагам усе прысутныя накіраваліся ў святыню. У роднай, з дзяцінства знаёмай святыні, і адбылася яго першая святая Імша.

«У святара часта пытаюць пра пакліканне, каклі яно ўзнікла, —  адзначыў на пачатку гаміліі а. Анджэй Юхневіч ОМІ.  — Думаю, што гісторыя твайго паклікання не распачалася ў сярэдняй школе, і нават не ў Мінску падчас вучобы ці працы на МАПІДзе на будоўлі, яна распачалася ў сэрцы самога Бога.

Бог так учыніў, што нараджаецца 21 лютага 1989 года маленькі Паша, расце, вучыцца малітвам ад сваёй бабулі, з ёю моліцца ў гэтым касцёле. Паступае вучыцца ў Мінск, дзе праз людзей пазнае Езуса Хрыста.

Знаёміцца з місіянерамі аблатамі. У 2010 годзе вырашае паступіць у навіцыят і там распачынаецца яго гісторыя манаскага і святарскага жыцця. 8 верасня 2015 года складае вечныя шлюбы, атрымлівае праз год дыяканат і 28 мая 2017 года прымае прэзбітэрскае пасвячэнне. Усе гэтыя даты запісаны глыбока ў сэрцы Бога Айца, яны невыпадковыя, але яны спаўняюцца. Таму можна сказаць, што святарства — гэта дар Бога і таямніца чалавека»

Святарства — гэта дар Бога і таямніца чалавека

«Дарагі айцец Павел, ты сабраў нас каля алтара Пана ў асаблівы момант: сёння перажываем урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, а праз некалькі дзён будзем ушаноўваць Езуса прысутнага ў Эўхарыстыі, паміж гэтымі святамі хочам дзякаваць разам з табой за дар жыцця, за дар паклікання і за дар святарства», — адзначыў а. Анджэй.

У гаміліі айцец Анджэй Юхневіч закрануў такія глыбокія аспекты працы святара, як цэлебрацыя літургіі, сакрамэнту споведзі. Што азначае быць слугой Езуса Хрыста і як праз святарскую паслугу праяўляць Божую міласэрнасць.

«Калі святарства — гэта ўзвышэнне, то толькі на крыж». Такія словы Бэнэдыкта XVI прывёў а. Анджэй.

«Святар носіць у сабе боль, цярпенне Касцёла. Не можа спадарожнічаць Езусу і быць абыякавым. Святар — гэта паплечнік Бога. Хрыстус узяў свой боль на сябе, і святар — чалавек Касцёла, мусіць насіць у сабе людскі боль», — заключыў аблат.

«Шаноўны айцец Павел, —звярнуся да новапрэзбітара айцец Анджэй Юхневіч. — Ты выбраў як дэвіз свайго святарскага жыцця добра вядомыя словы: “Не вы мяне выбралі, але я вас выбраў, і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў” і другая цытата: “Бог ёсць любоў”. Я дасканала ведаю, што гэтыя словы не проста літары на паперы. Гэта змест твайго духоўнага досведу, які намагаешся паглыбляць і перадаваць іншым. Жадаю, каб  гэтыя словы сталі мовай твайго сэрца на кожны дзень твайго святарства. Насі Езуса і Беларусь у сэрцы».

Напрыканцы новапрэбітар удзяліў кожнаму прысутнаму сваё благаслаўленне.

Няхай супольная малітва вернікаў дадасць маладому святару Паўлу Лемеху Божай моцы і адвагі, няхай запальвае сэрцы верай у жывога Бога, няхай ён будзе сапраўдным пастырам і слугою Хрыста.

Святлана Жылевіч,
фота Святланы Фаменкі

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 16.08.2017 13:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця