8 мая пасля агульнай папскай аўдыенцыі ў Ватыкане адбылася сустрэча Апостальскага візітатара для грэка-католікаў Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека са Святым Айцом.
Як са спасылкай на беларускую рэдакцыю партала Vatican News паведамляе сайт мінскай грэка-каталіцкай парафіі святога і праведнага Язэпа Svjazep.org, сваю размову з папам Францішкам архімандрыт Гаек назваў «кароткай, але змястоўнай».
Ён паведаміў, што падышоў да Папы з іконай святых Кірыла і Мятода, арыгінал якой знаходзіцца ў брэсцкім грэка-каталіцкім храме.
«Мы хочам, каб яна наведвала парафіі і сем’і нашай краіны. Таму я прасіў Святога Айца благаславіць саму ікону і гэтую душпастырскую ініцыятыву», — сказаў архімандрыт Гаек.
«Я падзякаваў Святому Айцу за словы пра важнасць святых Кірыла і Мятода для ўсёй Царквы, што ён заўважыў у Балгарыі і Паўночнай Македоніі. Папа сказаў, што з радасцю нас благаслаўляе.
Гэта была кароткая, але змястоўная размова. Потым папа Францішак сказаў: „Маліцеся за мяне, каб я таксама працягваў сваю місію з руплівасцю святых Кірыла і Мятода“», — падсумаваў сваю сустрэчу з Пантыфікам Апостальскі візітатар.