У македонскім горадзе Струміца 1–2 снежня праходзіць інаўгурацыя каталіцкай епархіі ўсходняга абраду. Беларускую Грэка-Каталіцкую Царкву прадстаўляе на ўрачыстасцях кс. архімандрыт Ян Сяргей Гаек МІС, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі.
Ва ўрачыстасцях ўдзельнічаюць шматлікія вернікі-пілігрымы ўсходняга абраду з усёй Македоніі, а таксама шматлікія іерархі візантыйскага і рымскага абрадаў з розных краінаў Еўропы.
Новая ўсходнекаталіцкая епархія Струміца-Скоп’е атрымала тытул Успення Багародзіцы. Яна створана папам Францішкам на месцы ранейшага апостальскага экзархату Македонскай Каталіцкай Царквы візантыйскага абраду.
У нядзелю 2 снежня ўрачысты інгрэс епархіяльнага біскупа Кіро (Стаянава) у катэдральны сабор Успення Багародзіцы ў Струміцы ўзначаліць прэфект Кангрэгацыі Усходніх Касцёлаў кардынал Леанардо Сандры. Ён зачытае папскую булу і ўвядзе біскупа Кіро на епархіяльны пасад. Да гэтага часу іерарх нёс служэнне апостальскага экзарха.
1–2 снежня — святочныя дні для ўсіх македонскіх католікаў усходняга абраду, чые карані паходзяць з Уніі 1859 г. у горадзе Кукуш. У часы камуністычнага рэжыму ў Югаславіі было забаронена нават узгадваць існаванне ўсходніх католікаў у Македоніі.