Пошук

29.11.2021 12:39   Паводле: Svjazep.org
Фота Віктара Ведзеня

Перад святам святога апостала Андрэя Першапакліканага, якога асаблівым чынам ушаноўваюць хрысціяне візантыйскай традыцыі, у супольнасцях беларускіх грэка-католікаў праходзіла душпастырская навэнна — шлях духовага подзвігу і падрыхтоўкі да ўрачыстасці.

Як паведаміў сайт грэка-каталіцкай парафіі святога і праведнага Язэпа ў Мінску Svjazep.org, дні навэнны з 25 па 27 лістапада былі асаблівым чынам прысвечаны малітве за праваслаўных братоў і сясцёр перад пачаткам Перадкаляднага посту, што распачаўся ў Праваслаўнай Царкве 28 лістапада.

Як адзначаецца на сайце, ідэя абвяшчэння апостала Андрэя Апекуном (Заступнікам) братэрскага дыялогу паміж хрысціянамі заходняй і ўсходняй традыцыі належыць святому Папу Паўлу VI. Яна нарадзілася ў час яго сустрэчы з Сусветным Патрыярхам Афінагорам на Святой Зямлі ў 1965 годзе. Гэтая ініцыятыва была прынятая Патрыярхам Афінагорам, які адказаў на яе ў размове з французскім праваслаўным багасловам Аліўе Клеманам улетку 1968 года. Гэтыя размовы былі выдадзены ў 1969 годзе ў форме кнізе пад загалоўкам ROMA-AMOR (лац. «Рым — любоў»).

«Малітвамі Апостала Андрэя Першапакліканага няхай Госпад даруе нам у Беларусі плённы міжканфесійны дыялог для духоўнага дабра ўсіх жыхароў шматканфесійнай Беларусі», — такі кароткі малітоўны заклік змешчаны на сайце сталічнай грэка-каталіцкай парафіі, якую з нагоды свята святога апостала Андрэя 28 лістапада наведаў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч.

Абноўлена 29.11.2021 12:42
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.