Завяршыўся першы тыдзень перадкаляднага посту паводле грэка-каталіцкага календара, які працягваўся з 15 па 21 лістапада. Гэта тыдзень асаблівай духоўнай салідарнасці з тымі, хто патрабуе малітоўнай падтрымкі.
Як паведамляе Svjazep.org, на працягу гэтага тыдня грэка-каталіцкія вернікі пасціліся і маліліся за Беларусь, за духавенства ўсіх хрысціянскіх канфесій у Беларусі і за іх мужнае служэнне ў складаны, сумны час.
Напярэдадні гэтага перадкаляднага посту, 14 лістапада, на пачатку цэлебрацыі святой Імшы ў мінскай катэдры Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі сказаў: «Гэтая малітва — выраз салідарнасці, каб быць разам з усімі людзьмі, якія перажываюць сумныя часы; каб памаліцца за памерлага Рамана Бандарэнку, які стаў чарговай ахвярай тэрору, насілля ў нашай краіне».
Грэка-католікі прынялі з удзячнасцю гэтыя словы як пастырскі заклік да руплівай, няспыннай і нястомнай малітвы праз заступніцтва Маці Божай Вастрабрамскай, якая ўшаноўваецца 16 лістапада рыма-каталіцкімі, грэка-каталіцкімі і праваслаўнымі вернікамі.
21 лістапада адзначаўся ўспамін Ахвяравання Найсвяцейшай Панны Марыі (у грэка-католікаў свята Уводзінаў у храм Найсвятой Багародзіцы; у некаторых супольнасцях яно адзначалася ў нядзелю 22 лістапада).
«Дарам Божага Провіду была магчымасць малітвы ў духоўнай сулучнасці з Мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам, які ў той дзень маліўся да Багародзіцы ў дарагой нашым сэрцам Вострай Браме ў Вільні. Подзвіг посту і малітоўнай падтрымкі архіпастыраў і святаслужыцеляў будзем мужна працягваць», — сказаў Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек на завяршэнне Боскай Літургіі 22 лістапада.