Пошук


Нядаўна ў сеціве з’явіўся дакумент упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама, у якім сказана аб забароне святкавання Хэлоўіна і Дня закаханых у навучальных установах. Калі пра Хэлоўін Касцёл выказваецца негатыўна, то стаўленне да Дня закаханых неадназначнае.

Дзень закаханых адзначаецца 14 лютага і звязаны з асобай святога Валянціна.

У старажытным спісе прызнаных Касцёлам мучанікаў — «Рымскім Мартыралогу» — у дзень 14 лютага Валянцін узгадваецца двойчы: як рымскі святар, а таксама як біскуп у італьянскім горадзе. Хутчэй за ўсё, гэта адна і тая ж асоба.

Такім чынам, Валянцін быў біскупам у горадзе Тэрні (Італія), дзе каля 268-269 гг. прыняў мучаніцкую смерць, пра акалічнасці якой, аднак, нічога не вядома. Рэліквіі святога да сёння знаходзяцца ў Тэрні, а таксама ў адным з парафіяльных касцёлаў у Баварыі. Ужо ў V ст. успамін св. Валянціна адзначаўся 14 лютага. У Еўропе ў гэты дзень цяпер адзначаецца свята святых Кірыла і Мятода.

Кожны год у бліжэйшую да 14 лютага нядзелю ў катэдры ў Тэрні адбываецца Свята заручын.

Сотні заручаных пар збіраюцца каля рэліквій святога Валянціна і абяцаюць адно аднаму захоўваць любоў і цнатлівасць да шлюбу. Аднак, для многіх успамін святога Валянціна страціў сваё першаснае хрысціянскае значэнне. Цяпер гэта чарговы паспяховы камерцыйны праект, рэалізацыя якога часта прыводзіць да таго, што маладыя людзі пачынаюць празмерна выстаўляць напаказ сваё каханне і руйнуюць веліч сваіх інтымных пачуццяў. 

У сувязі з гэтым ксёндз Андрэй Рылка, канцлер Пінскай дыяцэзіі, заўважае: «Некаторыя лічаць, што неабходна змагацца за хрысціянскі характар свята. Прыхільнікі такога погляду прапаноўваюць розныя альтэрнатывы камерцыйным шоу. Напрыклад, выкарыстоўваюць тэматыку гэтага дня, каб паразмаўляць аб хрысціянскім разуменні кахання. Або арганізоўваюцца альтэрнатыўныя хрысціянскія вечарыны, шоў, малітоўныя сустрэчы».

У Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі касцёл у гонар святога Валянціна пабудаваны ў Смалявічах. 14 лютага мясцовыя вернікі адзначаюць парафіяльнае свята.

Таксама ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі нясе служэнне ксёндз Валянцін Станкевіч (на фота ўверсе). У каментарыі для Сatholic.by кс. Валянцін адзначыў, што святы Валянцін — гэта нявыдуманы персанаж:

«У яго гонар мяне назвалі бацькі пры святым хросце. Забарона святкавання Дня закаханых — погляд толькі з аднаго боку на гэты феномен. Святы Валянцін — прыклад ахвярнай любові, прыклад таго, як фармаваць адносіны адно да аднаго з пашанай. Гэта ўзор святасці, той святасці, якая гатова, кажучы “люблю”, узяць адказнасць за іншага. За любоў у такім хрысціянскім разуменні святы Валянцін аддаў жыццё».

Малітва да святога Валянціна

Святы Валянціне, апякуне закаханых, рызыкуючы сваім жыццём, ты рэалізоўваў і абвяшчаў евангельскае пасланне спакою. Дзякуючы мучаніцтву, прынятаму з любові, ты перамог абыякавасць, нянавісць і смерць, выслухай нашу малітву.

Перад абліччам непрыязнасці і падзелаў у свеце дапамажы нам заўсёды мець сапраўдную любоў, пазбаўленую эгаізму, і быць сярод людзей вернымі сведкамі любові Бога.

Няхай нас ажыўляюць крыштальна чыстая любоў і давер, якія дапамогуць нам перамагаць жыццёвыя перашкоды. Просім цябе, заступіся за нас перад Богам — крыніцаю ўсялякай любові і прыгажосці, які жыве і валадарыць на векі вечныя. Амэн.

Кс. Кірыл Бардонаў

Чытайце таксама: Ці дзень св. Валянціна яшчэ хрысціянскі?

Абноўлена 05.06.2017 13:44
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа