Пошук

27.03.2017 13:28  

https://catholic.by/2/images/stories/news/preview/kardinaly-biskupy/arh-gaek-sergei-01.jpgСвята Дабравешчання, 25 сакавіка, беларускія грэка-католікі традыцыйна адзначаюць як Дзень малітвы за Бацькаўшчыну. Сёлета, у святле апошніх балесных падзей у Беларусі, грэка-каталіцкая супольнасць моліцца таксама за зняволеных за ўдзел у мірнай дэманстрацыі.

«Гэта свята ўцелаўлення Ісуса Хрыста, які ўвайшоў у гісторыю чалавецтва ў канкрэтны час і ў канкрэтным месцы. Па Божаму Провіду Ён атрымаў сваю зямную Бацькаўшчыну. Для нас гэта выклік, каб маліцца за нашую Бацькаўшчыну Беларусь, за ўсіх яе жыхароў», — тлумачыў шмат гадоў таму значэнне гэтага свята протапрэзбітар беларускіх грэка-католікаў а. Ян Матусевіч.

У гэтыя дні беларускія грэка-каталіцкія вернікі карыстаюцца ў малітве словамі Акафісту Найсвяцейшай Багародзіцы. Сёлета часам асабліва руплівай малітвы з’яўляецца тыдзень паміж святам Дабравешчання і Суботай Акафісту (25 сакавіка — 1 красавіка).

«Балесныя падзеі апошніх дзён, нават апошніх гадзін — асабліва ў Мінску, горадзе, які жыве пад апекай Багародзіцы (аб чым сведчыць старажытны герб Мінска) — заклікаюць нас, каб мы тым больш рупліва і нястомна маліліся — разам з Багародзіцай — за ўсіх жыхароў Мінска, за ўсіх жыхароў Беларусі. Традыцыя нашай Царквы дае нам багатую спадчыну малітвы “за Богам сцеражоную краіну нашу Беларусь і ўвесь Беларускі народ”», — адзначыў Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек 26 сакавіка на Боскай Літургіі ў парафіі Святога Духа ў Мінску.

«Сёння разам са св. Васілём Вялікім молімся: “Божа, будзь памятлівы да тых, хто пад судом, у вязніцах”, — і разумеем, што міласэрны Госпад асабліва блізкі ім у болю і цярпеннях. Таму нястомна будзем працягваць нашую велікапосную салідарную малітву, а да малітвы далучым пост ды іншыя формы духоўнай салідарнасці», — заклікаў іерарх.

а. Яўген Усошын,
прэс-служба Апостальскага Візітатара БГКЦ
(VGr)

Абноўлена 05.06.2017 13:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.