Святы Блажэй — гэта гістарычная постаць. Дакладная дата яго нараджэння невядомая. Магчыма, што ён з’явіўся на свет праз ІІІ стагоддзі пасля нараджэння Хрыста. Паходзіў, хутчэй за ўсё, з Арменіі, але, магчыма, з Цэзарыі Кападокскай. Па прафесіі быў лекарам, а па пакліканні – біскупам Себастыі. Касцёл ушаноўвае яго 3 лютага, а на працягу ўсяго года яго заступніцтва просяць тыя, у каго хваробы горла адбіраюць голас і радасць жыцця.
Нідзе няма поўнай біяграфіі Блажэя, затое пра яго існуе шмат легендаў. Яго папулярнасці ў нашай краіне садзейнічала «Залатая легенда» і пазнейшае «Жыціе святых» кс. Пятра Скаргі. А ў легендах, як вядома, ёсць і кропля праўды, і кропля фантазіі. Аднак тое, што Блажэй быў высакародным чалавекам, не выклікае сумнення, бо браты ў святарстве заўважылі яго і абралі сваім біскупам. Біскупскай сталіцаю стаў горад Себаста, сённяшні Сівас (Турцыя).
Першыя стагоддзі хрысціянства былі неспакойныя. Рымскія імператары, пачынаючы з Нерона, непрыязна глядзелі на рост Касцёла. Больш за тое, яны лічылі яго небяспечным для дзяржаўнага ладу, а вернікам Касцёла прыпісвалі атэізм і распаўсюджванне забабонаў. З 64 да 313 года доўжыўся крывавы пераслед хрысціянаў.
Падобнае адбывалася і на Усходзе, дзе ў пачатку ІV стагоддзя валадарыў імператар Ліцыній. Шмат жыхароў Себастыі тады загінула і шмат уцякло з горада, каб схавацца ў гарах.
Святы Блажэй з болем у сэрцы глядзеў на цярпенні даручаных яму людзей. Ён адчуваў, што патрэбны ім, таму пастанавіў да канца заставацца ў біскупскай рэзідэнцыі. Але вернікі, якія яшчэ не сталі ахвярамі пераследу, упрасілі яго пакінуць горад. Біскуп Блажэй пайшоў у горы і схаваўся ў адной з пячораў. Праз некаторы час яго схованка была выкрыта. Невядома, ці адбылося гэта выпадкова, ці таксама хтосьці, нібы Юда, выдаў месца часовага «біскупскага палаца». Біскуп Блажэй быў арыштаваны і пасаджаны ў турму, але і там ён працягваў весці душпастырскую працу: суцяшаў, навучаў, рыхтаваў вернікаў да сустрэчы з Хрыстом.
Легенда гаворыць, што аднойчы здарылася нязначнае, але вельмі небяспечнае здарэнне. Маленькі хлопчык падавіўся косткаю, якая засела ў горле і стала прычынаю моцнага ацёку. Хлопчыку пагражала ўдушэнне.
Біскуп Блажэй вельмі хацеў аблегчыць цярпенні дзіцяці, аднак не меў спецыяльных інструментаў для медыцынскай дапамогі. Біскуп са спачуваннем дакрануўся да шыі хлопчыка і зрабіў над ім знак крыжа, і раптам хлопчык пачаў роўна дыхаць, ацёк зменшыўся, а потым зусім знік. Вестка пра незвычайнага лекара хутка разляцелася па ваколіцы, што было вельмі невыгодна для рымскіх уладаў. Угаворамі, просьбамі, урэшце катаваннем яны імкнуліся прымусіць біскупа адмовіцца ад Хрыста, але святы Блажэй прагнуў прыняць мучаніцкую смерць, каб не адрачыся ад Таго, якому верна служыў столькі гадоў. Ён быў забіты мечам прыкладна ў 316 годзе.
Штогод, у дзень літургічнага ўспаміну святога Блажэя, у нашых касцёлах асвячаюцца свечкі, якія называюцца «блажэйкамі». Святар выкарыстоўвае гэтыя свечкі для ўдзялення – менавіта 3 лютага – благаслаўлення, якое павінна ахоўваць ад хваробаў горла, а таксама ад усялякага зла. Пра святога Блажэя варта таксама памятаць, калі, прыступаючы да споведзі, мы адчуваем «костку ў горле», якая перашкаджае нам вызнаваць цяжкія грахі. Такое адчуванне можа скончыцца духоўнаю смерцю, таму трэба прасіць святога Блажэя аб дапамозе. Ён, вядома, зразумее, бо сам быў душпастырам, біскупам. Святы Блажэй заўсёды гатовы быць нашым заступнікам перад Богам, калі баліць горла або душа...