6 студзеня спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння кс. Адама Станкевіча — слыннага каталіцкага святара, лідара «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі», аднаго з заснавальнікаў «Таварыства беларускай школы», энтузіяста ўвядзення і выкарыстання беларускай мовы ў Каталіцкім Касцёле.
6 студзеня спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння кс. Адама Станкевіча — слыннага каталіцкага святара, лідара «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі», аднаго з заснавальнікаў «Таварыства беларускай школы», энтузіяста ўвядзення і выкарыстання беларускай мовы ў Каталіцкім Касцёле.
Жыццё гэтага грамадска-палітычнага дзеяча, гісторыка і публіцыста трагічна абарвалася ў ГУЛАГу.
Пра ролю вядомага святара ў тагачасным грамадстве і Касцёле у каментарыі беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё распавядае загадчык кафедры ўсеагульнай гісторыі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны, гісторык Станіслаў Чаропка.
«Адам Станкевіч з’яўляецца адной з сапраўды велізарнейшых постацей у беларускай гісторыі — як грамадскай, так і касцёльнай. Як святар ён адыграў вялікую ролю ў стварэнні “беларускага” Касцёла. Бо Касцёл з’яўляецца адначасова і паўсюдным, і нацыянальным. І Адам Станкевіч зрабіў велізарны шлях, каб паўсюдны Касцёл стаў сваім і для беларусаў.
На гэтым шляху ён сутыкнуўся з агромістымі праблемамі, з ганеннямі, але ён здолеў годна выстаяць і данесці да беларусаў слова Хрыста на беларускай мове», — адзначыў навуковец.
Апрача гэтага кс. Адам з’яўляўся і адным са стваральнікаў беларускай нацыі, упэўнены гісторык. Станіслаў Чаропка лічыць, што імя Адама Станкевіча можна паставіць у адзін шэраг з імёнамі Багушэвіча, Дуніна-Марцінкевіча, Купалы і Коласа.
«Постаць Адама Станкевіча не менш важная, бо ўсю сваю энергію ён прыкладаў, каб беларускі народ адчуў сябе нацыяй. Гэта чалавек, якому ў яго рэлігійнай і грамадскай дзейнасці давялося сутыкнуцца з вялікім супрацьдзеяннем як з боку як польскіх, так і рэвалюцыйных савецкіх уладаў.
І, знаходзячыся паміж гэтымі двума агнямі, ён здолеў застацца вялікім чалавекам. Яго смерць у савецкіх лагерах паказвае, што ён да канца застаўся верным сваім прынцыпам і свайму святарскаму пакліканню», — дадаў гісторык.
Адам Станкевіч нарадзіўся ў 1892 г. у Ашмянскім павеце — цяпер гэта Смаргонскі раён. Скончыў духоўную семінарыю ў Вільні, Рыма-каталіцкую духоўную акадэмію ў Петраградзе і атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне ў 1914 г.
Ужо падчас вучобы ў Петраградзе стаў старшынёй беларускага гуртка і адным з заснавальнікаў і лідараў «Хрысціянскай дэмакратычнай злучнасці», якая пазней атрымала назву «Беларуская хрысціянская дэмакратыя».
У 1917 г. адным з першых перайшоў да гамілій на беларускай мове пры правядзенні набажэнстваў, за што падвяргаўся ганенням з боку польскіх касцёльных уладаў. 3 1919 г. выкладаў рэлігію ў Віленскай беларускай гімназіі, быў рэдактарам газеты «Крыніца». Пазней святар стаў адным з кіраўнікоў Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні, узначальваў Таварыства беларускай школы, выдаваў часопіс «Хрысціянская думка».