На гэты раз знакаміты «дылетант» Юрый Жыгамонт патрапіў ў гарадскі пасёлак Відзы, што знаходзіцца паміж трох азёр ў маляўнічым Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці. У гэтым мястэчку стаіць 59-метровы касцёл, адзін з самых высокіх у краіне. У Відзах пахаваны адзін з кіраўнікоў паўстання 1794 года Тамаш Ваўжэцкі.
Першыя запісы пра мястэчка Відзы з’явіліся ў летапісах напачатку XV стагоддзя, заснавана яно было родам Нарушэвічаў. У той жа час тут быў пабудаваны драўляны касцёл, які да нашагу часу, на жаль, не захаваўся.
Затое зараз тут знаходзіцца адзін з самых высокіх касцёлаў Беларусі, вышыня якога — 59 метраў. Ён усяго на 2 метры саступае касцёлу, што знаходзіцца ў Гервятах. Касцёл быў пабудаваны ў 1914 годзе і з’яўляецца ўзорам неагатычнага стылю.
Відзы заўсёды былі шматканфесійным мястэчкам. Тут жылі праваслаўныя, католікі, пратэстанты, яўрэі, мусульмане, стараверы.
Відзаўскі край — бацькаўшчына аднаго з кіраўнікоў паўстання 1794 года Тамаша Ваўжэцкага. Тут знаходзіцца яго магіла. Ён узначаліў паўстанне пасля паланення свайго паплечніка Тадэвуша Касцюшкі. Падчас вайны 1812 года ў Відзах знаходзілася стаўка расійскага імператара Аляксандра І. Пазней ў мястэчку адбыўся бой паміж расійскімі і французскімі войскамі.
Са студзеня 2017 года праграма «Падарожжа дылетанта» ствараецца пры падтрымцы velcom і выходзіць на партале TUT.BY два разы на месяц.
Таісія Пажогіна
(VGr)