Постаці ксяндза Аляксандра Астрамовіча, які ўвайшоў у беларускую літаратуру як паэт Андрэй Зязюля і быў цесна звязаны з беларускім адраджэнскім рухам пачатку XX ст., была прысвечана чарговая сустрэча пасяджання клуба пры моладзевым цэнтры у віцебскай катэдры «Кожны талент ад Бога».
Адметна, што гэтыя пасяджанні наведваюць не толькі парафіяне касцёлаў ў Віцебску, але і прадстаўнікі іншых канфесій і нават няверуючыя.
Шматгадовы вядучы гэтых пасяджанняў Франц Сіўко распавёў прысутным пра асноўныя вехі жыцця і творчасці святара-паэта. Франц Сіўко адзначыў, што апошнія гады жыцця святара ва ўмовах бальшавіцкіх пераўтварэнняў, калі ён служыў на тэрыторыі сучаснай Віцебскай дыяцэзіі, былі нялёгкімі, а месца пахавання святара ў Сянно з цягам часу нават было згублена.
Вельмі кранальным было выступленне Паўла Падрэза, лекара з Сянно, які прыгадаў, што па-іншаму глядзець на беларускую мову ён пачаў менавіта пад уплывам дзейнасці і літаратурнай творчасці святара паэта.
Мужчына прычытаў верш святара «Ніколі». Натхнёна гучалі радкі з верша:
Над гонар і славу, над чары кахання —
Народную справу і перакананне,
Што розум дыктуе, заўсёды я волі —
Не здраджу ніколі.
Дарэчы, гэты ж верш тады яшчэ школьнікам Павел Падрэз прачытаў на вечарыне ў Сянно, якая адбылася ў гонар паэта ў 2003 годзе.
На працягу вечара вершы паэта Андрэя Зязюлі дэкламавала Наталля Плешчанка, верніца грэка-каталіцкай парафіі ў Віцебску. Сярод іх быў і верш «Божа, што калісь народы…».
За музычнае аздабленне вечарыны адказваў Арцём Калугін, які выканаў некалькі песень, у тым ліку і рэлігійных. Свае вершы прачыталі паэтка Алена Гінько і школьніца Аляксандра Лякас. Выступіла і Анэля Зайцава.
Напрыканцы вечарыны да прысутных звярнуўся пробашч катэдральнага касцёла Езуса Міласэрнага у Віцебску кс. Андрэй Аніскевіч. Святар адзначыў, што сёння Каталіцкі Касцёл у Беларусі дбае пра як мага больш шырокае выкарыстанне беларускай мовы ў сваім служэнні — усе літургічныя тэксты перакладзены на беларускую мову. «Гэта не дае нам забыцца на нашыя карані», — адзначыў святар.
Ксёндз Андрэй таксама заклікаў прысутных узносіць малітвы за сваю бацькаўшчыну, памятаючы пра яе мінулае: «Калі няма гістарычнай памяці — няма і будучыні», — дадаў святар.
Біяграфічная даведка:
Аляксандр Астрамовіч нарадзіўся 26 лістапада 1878 года ў сялянскай сям'і Сцяпана і Ганны Астрамовічаў у вёсцы Навасады Гальшанскай гміны Ашмянскага павета. Пасля няўдалых спробаў паступіць у Віленскую духоўную семінарыю (1903—1904), паступіў у Духоўную каталіцкую семінарыю ў Пецярбург, дзе тады выкладаў прафесар Браніслаў Эпімах-Шыпіла.
Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў у 1910 годзе. Служыў у Ракаве, Анопалі, Бабруйску, Смілавічах. З 9 верасня 1917 года святар быў прызначаны пробашчам касцёла ў Абольцах Аршанскага дэканата — адной з найстарэйшых парафій на тэрыторыі Беларусі. З 1919 года святар служыў у Сянно Аршанскага дэканата, дзе і памёр памёр 17 студзеня 1921 года. Пахаваны на мясцовых каталіцкіх могілках.
Вершы паэта друкавалі розныя перыядычныя выданні таго часу — «Наша ніва», «Беларус», «Гоман» і інш. Адзіны прыжыццёвы зборнік вершаў паэта «З роднага загону» выйшаў у 1914 годзе і быў надрукаваны лацінкай.
Ксёндз Астрамовіч удзельнічаў у першым з'ездзе беларускіх каталіцкіх святароў (Мінск, 1917), быў сябрам Саюза ксяндзоў-беларусаў, ад якога пачалося стварэнне грамадскай арганізацыі Беларуская Хрысціянская Злучнасць (БХЗ), пазней рэарганізаванай у партыю Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя (БХД).
Пасля акупацыі Беларусі бальшавіцкай арміяй цярпеў пераслед за сваю нацыянальную і рэлігійна-асветніцкую дзейнасць, некалькі тыдняў правёў у астрозе Віцебскага губчэка (1920). (Паводле «Наша вера». 2001. № 4)