Пошук

24.12.2025 15:59   Паводле: Сatholicnews.by

У вігілію Нараджэння Пана свой віншавальны відэазварот да вернікаў кіруе біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Дарагія браты і сёстры ў Хрысце,
паважаныя суайчыннікі!

«Яны пайшлі, спяшаючыся, і знайшлі Марыю, і Юзафа,
і Немаўля, Якое ляжала ў яслях» 
(Лк 2,16).

«Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць…,
бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца…» 
(Лк 2, 10-11).

Гэтыя словы Анёла да бэтлеемскіх пастушкоў скіраваныя сёння да нас, людзей ХХІ стагоддзя. Да людзей, якім часта вельмі няпроста ў жыцці. Да тых, хто, падобна да малых, пакінутых дзяцей, шукае бяспекі, упэўненасці ў заўтрашнім дні, шукае міру, справядлівасці, праўды і, канешне ж, любові. Мы шукаем таго, што магло б зрабіць нас шчаслівымі.

На гэты пошук чалавека хрысціянства не дае адразу гатовага рэцэпту, «выратавальнай пілюлі» ці ўсёвырашальнай праграмы. Яно прапануе шлях, напрамак, дарогу, якую накрэсліў, якой прайшоў і больш за тое, якой з’яўляецца сам Езус Хрыстус уцелаўлёнае Божае Слова, Божы Сын, нараджэнне Якога мы зараз з вамі і святкуем.

На першы погляд, вера ў Езуса Хрыста выглядае складана і таямніча, аднак яна вельмі простая і даступная. Яе сутнасць у асабістых адносінах з Тым, Хто стварыў гэты свет, з жывым Богам, катораму належаць найвышэйшая ўлада, канчатковы суд і апошняе слова. З Тым, хто мае моц змяніць гэты свет на лепшы. Але гэтая перамена можа распачацца толькі ў людcкім сэрцы, не наадварот. І пажадана, каб не ў адным-двух. Гэтай перамены, гэтага аднаўлення людcкога сэрца паводле Божага вобразу Бог чакае ад кожнага з нас. «Будзьце святыя, таму што Я святы» (1 П 1,16), «навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам, і знойдзеце спакой для сваіх душаў» (Мц 11, 29), «любіце адно аднаго, як Я палюбіў вас» (Ян 13, 34).

Прыняцце сэрцам словаў Евангелля — гэта наш шлях у Бэтлеем. Той шлях, на якім выпраўляюцца шматлікія складанасці нашага жыцця і ствараецца атмасфера прыязнасці, прымірэння і адкрытасці ў адносінах з бліжнімі.

Напэўна, мы ведаем, наколькі важна мець такую атмасферу любові і згоды ў сваіх сем’ях, сярод найбліжэйшых да сябе людзей і, што актуальна як ніколі, сёння між краінамі. Як важна ўмець дараваць крыўды і прасіць аб прабачэнні, бо гэта той ключ, што заўсёды адчыняе дзверы да паяднання. За гэтым ідуць Божае бласлаўленне і перамена ў свеце тых рэчаў, якія нам самім не пад сілу ці ад нас не залежаць.

Таму паспрабуем разам з бэтлеемскімі пастушкамі паверыць у гэта і адшукаць Езуса, прыняўшы Яго ў свой дом разам з Яго Маці Марыяй і Юзафам. Паспрабуем у сваім жыцці ісці тым шляхам, які вызначае Божае Слова, бо яно не толькі кажа пра веру, пра надзею і любоў, яно з’яўляецца іх крыніцай. Паспрабуем паверыць у моц той ласкі і святла, якое заззяла нам праз нараджэнне Езуса Хрыста. А гэтая вера няхай дапаможа нам атрымаць Божую дапамогу і бласлаўленне: кожнаму з нас, нашай Бацькаўшчыне Беларусі і ўсяму сучаснаму свету!

Бласлаўлёных святаў Божага Нараджэння і шчаслівага Новага 2026 года!

Алег Буткевіч
Біскуп Віцебскі

Абноўлена 24.12.2025 16:35
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.