18 лютага ў Росіцы ў чарговы раз сабраліся шматлікія пілігрымы, каб
ушанаваць памяць росіцкіх мучанікаў ксяндзоў марыянаў Антонія Ляшчэвіча
і Юрыя Кашыры.
У даваенны час вежы сённяшняга мураванага росіцкага касцёла, пабудаванага ў 1911 годзе, былі бачныя здалёк. Аднак у сярэдзіне 30-х гадоў яны былі разбураны...
Апошнім святаром росіцкага касцёла ў перадваенны час быў прызначаны ў 1930 г. ксёндз Эдвард Вайцяховіч, аднак у 1934 г. ён быў арыштаваны, а 3 лютага 1935 г. асуджаны нарадай пры НКВД за «антысавецкую контррэвалюцыйную дзейнасць» да вышэйшай меры пакарання і расстраляны. Ксёндз Вайцяховіч прадбачыў свой арышт, таму замураваў у сцяне сакрыстыі каштоўнае касцёльнае начынне і крыж. Праз сем гадоў яго схоў адшукалі ксяндзы марыяне. Гэтая падзея стала вялікай радасцю ў Росіцы на святы Божага Нараджэння першага года вайны.
Пасля арышту святара росіцкая парафія спыніла сваё існаванне. У будынку касцёла месцілася хата-чытальня, а неўзабаве вежы касцёла былі разбураны. 1941 год прынёс чарговую навалу, аднак пасля працяглага перапынку, 15 жніўня 1941 года ксёндз Юзаф Гайлевіч, які прыехаў з Латвіі, цэлебраваў у росіцкім касцёле Імшу.
Пілігрымы, сонца і Божае благаслаўленне
З кожным годам у Росіцу, маленькую памежную вёску з Латвіяй, прыязджае ўсё больш пілігрымаў. Іх не пужае ні далёкая дарога, ні моцныя маразы, якія заўсёды былі ў Росіцы ў часе зімовых урачыстасцяў. Аднак апошнія гады маразы ў гэты час значна слабеюць, а гэтым разам у Росіцы было сапраўднае веснавое надвор’е. Яшчэ з раніцы над Росіцай «вісела» шэрае пахмурнае неба, але ўжо пасля абеду паказалася сонейка, промні якога асвяцілі касцёл падчас святой Імшы.
«Росіца зноў нас паклікала»
«Росіца зноў нас паклікала» — гэтымі словамі прывітаў шматлікіх пілігрымаў, што прыбылі на сёлетнія зімовыя ўрачыстасці ў гонар росіцкіх мучанікаў а. Чэслаў Курэчка МІС, пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Росіцы.
...У каменным настылым касцёле холадна, але што гэта ў параўнанні з мукамі нявінных ахвяраў росіцкай трагедыі, якія былі вымушаны знаходзіцца ў такім холадзе ўвесь адведзены ім час у гэтым касцёле. Пра гэта нагадвае пілігрымам айцец Чэслаў.
Незвычайная малітва на ружанцы
Ружанцовую малітву на пачатак урачыстасцяў правялі дзеці з Друі, сярод якіх былі і выхаванцы Друйскага дзіцячага дома. Ужо доўгі час імі апякуюцца сёстры эўхарысткі на чале з с. Наталляй Арлянковіч SJE, даючы ім галоўнае — веды пра Бога. У дзіцячым доме ў дзяцей ёсць адзенне і ежа, а вось іх хрысціянскае выхаванне —заслуга выключна сясцёр. На сёлетнія ўрачыстасці сёстры эўхарысткі з благаслаўлення друйскага пробашча кс. Сяргея Сурыновіча ўпершыню прывезлі гэтых дзяцей у Росіцу. І як тут не правесці паралелі з місіяй сясцёр эўхарыстак у часы ваеннага ліхалецця на гэтай зямлі.
![]()
На пачатку вайны ў місіянерскі паход на рэлігійна занядбаныя землі разам са святарамі вырушылі і 16 сясцёр эўхарыстак. Менавіта сёстры эўхарысткі дапамагалі святарам у іх паслузе — катэхізавалі і рыхтавалі людзей да прыняцця святых сакрамэнтаў. Падчас той страшнай акцыі са здзеклівай назвай «Зімовая чароўнасць» па просьбе святароў былі вызваленыя толькі сёстры эўхарысткі. Вярнуўшыся ў Друю, яны не толькі захавалі памяць пра подзвіг святароў-мучанікаў, але і працягвалі сваю місію...
Імша ў касцёле, які быў сведкам людскіх мукаў
![]()
Святую Імшу ўзначаліў генеральны вікарый Віцебскай дыяцэзіі ксёндз прэлат Францішак Кісель. Айцец Чэслаў Курэчка МІС прыгадаў словы кс. Кіселя, сказаныя ім некалькі гадоў таму, калі ён часова ўзначаліў Віцебскую дыяцэзію: «Росіца — гэта сур’ёзна, і заступніцтва благаслаўлёных мучанікаў Юрыя і Антонія вельмі моцнае, бо Росіца — не штучна створанае, не надуманае месца. Тыя падзеі адбыліся менавіта тут, у гэтым касцёле...»
«Будзь воля Твая...»
«Так ужо сталася, браце, што мы на сваёй роднай зямлі сталі місіянерамі, а місія на сваёй Бацькаўшчыне, мабыць, патрабуе нашмат больш, чым проста святарства. Таму зліёмся мы з гэтай зямлёй, растворымся ў ёй, раздзелім лёс гэтых няшчасных людзей і разам з імі пойдзем у Нябесную Айчыну» (словы кс. Антонія ў яго размове з кс. Юрыем у кнізе Ірыны Жарнасек «Будзь воля Твая». Урывак з кнігі быў зачытаны падчас гаміліі).
Аб чым моляцца росіцкія пілігрымы?
«Пан Бог яшчэ раз дазволіў пабываць у Росіцы, у вёсцы, якая чамусьці стала для мяне асабліва дарагім месцам для майго сэрца. Месцам, дзе я радуюся і смуткую, месцам, неабходным для глыбокага ўваходу ў таямніцу жыцця і смерці, месцам вялікай Божай Міласэрнасці і Провіду», — з запісу на Фэйсбуку Вольгі Давыдзенкі, удзельніцы пілігрымкі з Полацка.
Працэсія на пляц мучаніцтва
Пасля Імшы адбылася працэсія на пляц мучаніцтва. На чале працэсіі заўсёды нясуць цяжкі крыж. І міжволі прыгадваецца аповед адной са сведак росіцкай трагедыі Ганны Жураўлёвай, якая некалькі гадоў таму адышла ў вечнасць, што тую апошнюю калону ахвяраў на спаленне ўзначаліў кс. Юрый Кашыра, узяўшы крыж... Ён меў выбар, і ён яго зрабіў, несучы свой крыж да канца...
...З Росіцай у яго звязаны свае ўспаміны
Сярод тых, хто маліўся гэтым разам на пляцы мучаніцтва, быў і кс. Юзаф Пятушка МІС. Ён часта бывае тут — у яго з Росіцай звязаны свае ўспаміны...
2 лютага 1942 г. бласлаўлёны ксёндз Антоні Ляшчэвіч удзяліў у Росіцкім касцёле Першую св. Камунію тады малому хлопцу Юзафу Пятушку. У росіцкім касцёле хлопец выконваў паслугу міністранта. Божы Провід пакіраваў так, што сям’я будучага святара паспела выехаць з Росіцы да пачатку пацыфікацыі.
Праз некалькі дзесяцігоддзяў, у 1970-ыя гады, кс. Юзаф пачаў прыязджаць з Польшчы ў Савецкі Саюз, таемна несучы святарскую паслугу на рэлігійна занядбаных атэістычным рэжымам землях тым, хто прагнуў Хрыста, у тым ліку і на ўсходзе Беларусі. На пачатку 1990-х гг. святар прыехаў сюды назаўсёды, адраджаючы рэлігійнае жыццё ў Барысаве.
Ушанаванне месца гібелі ахвяраў
![]()
«Ахвярная любоў Хрыста, яе магутнасць і веліч, адкрылася нам на крыжы», — з гаміліі, якая прагучала ў часе святой Імшы ў росіцкім касцёле.
На месцы мучаніцкай гібелі ахвяраў росіцкай трагедыі, там, дзе высока ў неба ўздымаецца крыж, прагучала малітва «Анёл Панскі»... Там, дзе калісьці былі чутны стогн і енк сотні нявінных ахвяраў, цяпер сотні вуснаў прамаўляюць словы малітвы. А трапяткія агеньчыкі знічоў, што пакідаюць людзі на гэтым месцы, нібы душы загінулых, што імкнуцца ў неба....
![]()
p.s. «І калі ў Росіцы не застанецца ніводнае хаты, апрача Тваёй святыні, бо яна, цагляная, мусіць выстаяць, каб застацца для іншых сведкам, абвінаваўцам, помнікам па нас, то і тады, Пане, ведай, што наша смерць — ахвяра Табе за цяжкія грахі зямлі, на якой так часта буяе здрада. І няхай апошнім словам гэтае ахвяры стане Тваё імя, а наш апошні ўздых будзе звернуты да Цябе. Амэн» (малітва айца Антонія — урывак з кнігі Ірыны Жарнасек «Будзь воля Твая»).
Кацярына Лаўрыненка (VGr)
Фота Аляксандры Шчыглінскай







