Пошук

25.01.2017 16:10   Тэкст і фота: Кацярына Лаўрыненка / Catholic.by

Другі раз у гісторыі існавання Віцебскай дыяцэзіі адбылося экуменічнае набажэнства ў інтэнцыі адзінства хрысціянаў. Падзея адбылася 24 студзеня ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў.

Набажэнства ўзначаліў канцлер віцебскай дыяцэзіі кс. Віктар Місевіч, а разам з ім за адзінства хрысціянаў маліліся пробашч катэдральнага касцёла Езуса Міласэрнага кс. Андрэй Аніскевіч і вікарый гэтай парафіі кс. Леанід Рэйшаль,  айцец Аляксей Варанко з віцебскай грэка-каталіцкай парафіі Уваскрасення Хрыстовага, дыякан Ігар Кісялёў з Царквы «Дом Евангелля» і пастар Віктар Заляціла, якія прадстаўлялі Евангельскіх хрысціянаў-баптыстаў, а таксама пастар віцебскай абшчыны Пятра і Паўла Уладзімір Татарнікаў Евангельска-лютэранскай Царквы. Душпастырскія абавязкі не дазволілі прысутнічаць на гэтай сустрэчы біскупу Віцебскаму Алегу Буткевічу, які перадаў прысутным запэўніванне ў сваёй малітве ў гэтай інтэнцыі і духоўнай лучнасці.

Вельмі вымоўным момантам экуменічнага набажэнства стала малітва аб прабачэнні за тыя муры, якія будуюцца паміж прадстаўнікамі розных хрысціянскіх супольнасцяў з дапамогай «камянёў» нянавісці, недахопу любові, пагарды і пыхі.  

Малітва за адзінства хрысціянаў чаргавалася з кароткімі прамовамі прысутных святароў і пастараў, у якіх яны разважалі над шляхамі паяднання ў Езусе Хрысце. «Тое, што з’яўлялася немагчымым зусім нядаўна, сёння становяцца рэальнасцю», — адзначыў у сваёй прамове пробашч катэдральнага касцёла кс. Андрэй Аніскевіч. — Таму што ёсць нашая малітва. Мы падыходзім адзін да аднаго і працягваем руку са словамі: “Буду маліцца за цябе”». Як адзначыў кс. Аніскевіч, мы бачым «тое, што нас раз’ядноўвае, а  павінны шукаць тое, што нас аб’ядноўвае».

Кульмінацыйным момантам набажэнства стала запальванне прысутнымі святарамі і пастарамі свечак ад пасхала і супольная малітва «Ойча наш...». Напрыканцы вернікі і святары перадалі адно аднаму знак супакою як знак паяднання і прабачэння.  

Кацярына Лаўрыненка
Фота аўтара

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 05.06.2017 13:40
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.