16 снежня ў Віцебскім абласным мастацкім музеі адкрылася калядная выстаўка дзіцячай творчасці, прысвечаная святу Божага Нараджэння.
Традыцыйна падчас фестывалю «Дні Хрысціянскай культуры» гэтая выстаўка ладзіцца пад патранатам Віцебскай дыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла і збірае таленавітых дзяцей больш чым з 20 студый, гурткоў, школ і гімназій Віцебска.
Выставачная зала ззяла святлом Бэтлеемскай зоркі, зробленай ў розных мастацкіх тэхніках, анёлы ў тэхніцы нацыянальнай выцінанкі, керамікі і саломкі сваімі крыламі ўказвалі шлях да Езуса, народжанага ў стаенцы.
На выстаўцы прадстаўлены працы вучняў студыі «Таццянка», ткацтва, працы з саломкі, фларыстыкі і інш. Юныя творцы з гімназіі № 4 зрабілі цудоўныя прамяністыя творы.
Сапраўды атрымаўся калядны цуд. Святочны настрой задавала музыка і спевы ў выкананні вакальнага калектыву «Тэатр песні» пад кіраўніцтвам У.Адарыч і Т. Кавака.
Імпрэзу адкрылі канцлер Віцебскай дыяцэзіі кс. Віктар Місевіч, дырэктар цэнтра творчасці Наталля Бальшакова, загадчык аддзела дэкаратыўна-прыкладной творчасці ДУА «Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі» Таццяна Калтунова і навуковы супрацоўнік Абласнога мастацкага музея Алена Рак.
Ксёндз Віктар Місевіч, звяртаючыся да сабраных, распавёў пра традыцыі святкавання Божага Нараджэння, аб удзеле маленькіх творцаў у абвяшчэнні Добрай Весткі праз свае працы, а таксама падзякаваў педагогам і бацькам за выхаванне таленавітай моладзі.
Удзельнікі атрымалі дыпломы і салодкія пачастункі.