Пошук

09.12.2016 09:32  

Захавальнік вечнага супакою

Першапачаткова касцёл быў пабудаваны напрыканцы XVIII ст. на каталіцкіх могілках, якія ў той час былі за горадам, на Гарадоцкай шашы. Яго так і называлі — Падвіцебскі. У 1785 годзе ён быў асвячоны ў гонар святой пакутніцы Барбары.


Пасля пабудовы чыгункі ў гэтым раёне сталі ўзводзіць хаты яе работнікі, многія з якіх былі католікамі. Касцёл ужо не змяшчаў усіх вернікаў. Таму ў 1880-х было прынята рашэнне аб пабудове новай святыні. Яе зрабілі з чырвонай неатынкаванай цэглы па праекце інжынера-архітэктара Віктара Піятроўскага. Храм пабудаваны ў эклектычным стылі (сумяшчэнне неаготыкі і неараманскага кірунку), хаця папярэднік быў цалкам барочны.

У паслярэвалюцыйныя часы касцёл зачынілі, а потым выкарыстоўвалі ў якасці склада мінеральных тукаў. Падчас Вялікай Айчыннай вайны будынку, можна сказаць, пашчасціла: абстрэлы толькі часткова пашкодзілі яго вежы, хаця навокал былі спрэс руіны. Пасля вайны касцёл пакрысе прыйшоў у заняпад. Яго нават выкарыстоўвалі ў трэніровачных мэтах альпіністы як плацдарм для пераадольвання вяршынь.

Былі знішчаны і старажытныя могілкі: на іх месцы пабудавана прадпрыемства. Да гэтага часу пры пракладцы камунікацый знаходзяць помнікі, якія ўсталёўваюцца на прыкасцёльнай тэрыторыі. Сёння каля ўваходу ў храм стаіць знак у памяць памерлых.

Жыццё пасля «смерці»

Рэстаўрацыя гэтага помніка архітэктуры рэспубліканскага значэння пачалася ў 1988 годзе. Першапаткова планавалі зрабіць канцэртную залу (нават калі касцёл ужо быў дзеючы, свае канцэрты ў ім даваў, пакуль не набылі арган у абласной філармоніі, віртуозны выканаўца, народны артыст Беларусі Ігар Алоўнікаў). Але нарэшце будынак перадалі ранейшым гаспадарам — католікам. Першым пробашчам быў кс. Януш Скенчак, які стаў сапраўдным адраджэнцам веры на ўсходзе вобласці, шчыраваў у віцебскай і полацкай парафіях. У 1993 годзе ўзноўленая святыня была асвячона будучым кардыналам Казімірам Свёнткам. Пакрысе ўсё даводзілася да ладу, стваралася ўнутранае аздабленне, быў набыты электраарган.

З часу ўтварэння Віцебскай дыяцэзіі і да 2011 года храм з’яўляўся катэдральным, а яго пробашчам стаў кс. Міхал Ермашкевіч.

Сённяшні дзень

Цяперашні пробашч ксёндз Крыштаф Коцьян (на фота) некалькі гадоў таму прыехаў служыць з Польшчы. Добра валодае беларускай мовай. Дарэчы, як і яго папярэднікі, ён з’яўляецца дамініканінам. Гэты ордэн мае даўнюю прысутнасць у Віцебску, калісьці побач з Дабравешчанскай царквой на беразе Дзвіны нават стаяў дамініканскі касцёл.


Зараз дробнымі крокамі ў святой Барбары робіцца рамонт. Яго фінансуе польскае Міністэрства культуры ў рамках праграмы дапамогі помнікам архітэктуры, якія знаходзяцца за мяжой. Дапамагае матэрыяльна і Польская правінцыя дамініканаў.

Сапраўдны дэндрапарк уяўляе сабой тэрыторыя перад касцёлам, дзе дрэвы хвойных парод у любы сезон радуюць вока зелянінай.

Храм — гэта людзі

Касцёл — гэта не толькі прыгожыя сцены, а перадусім людзі, якія складаюць духоўную аснову кожнай парафіі. Муры без малітвы — звычайныя каменныя гмахі. Асаблівасцю набажэнстваў з’яўляецца тое, што яны праводзяцца не толькі на беларускай мове, але і на польскай і з выкарыстаннем латыні і старажытных тэкстаў.

Віцебск — горад універсітэтаў, шмат студэнтаў прыязджае сюды вучыцца з розных рэгіёнаў. Кожны чацвер увечары ў капліцы ля касцёла збіраецца моладзь, каб паразмаўляць пра жыццё, паразважаць аб праўдах веры і не толькі. Так, студэнты з мястэчка Лынтупы Пастаўскага раёна сталі ініцыятарамі стварэння накірунку «12 прыступак». Існуе ўласная музычная група, у актыве якой выступленні на розных пляцоўках: ад КЗ «Віцебск», дзе сёлета адзначалі 800-годдзе заснавання ордэна святога Дамініка, і клуба «Паддашак» да вулічных канцэртаў у час «Славянскага базару». Выязджалі і ў Гарадок. Моладзь робіць тэатральныя пастаноўкі, пантамімы.

Гонар касцёла — хор Hosanna, які выступаў і за межамі нашай краіны. У яго скарбонцы – перамога на міжнародным фестывалі ў Магілёве «Магутны Божа». Самае галоўнае, кажа ксёндз Крыштаф, што гэты калектыў з’яўляецца цэласнай супольнасцю, у чым вялікая заслуга музычнага кіраўніка Святланы Шыдлоўскай. Яна ўмее знайсці да кожнага ўдзельніка падыход і трымаць высокі выканаўчы ўзровень.

Ёсць пры касцёле і традыцыйныя Жывы Ружанец, Легіён Марыі, евангелізацыйныя заняткі для жадаючых паглыбіць свае рэлігійныя веды. Раз на тыдзень вернікі і святары наведваюць хворых у недалёкай 2-й Віцебскай абласной клінічнай бальніцы (былая Чыгуначная). Прычым часта даводзіцца суцяшаць людзей незалежна ад іх канфесійнай прыналежнасці. Для малых праводзяцца заняткі па рэлігіі, дзе яны рыхтуюцца да Першай Камуніі. Згодна з патрабаваннямі часу ёсць у парафіі і свой сайт у інтэрнэце, праз які яна дзеліцца на ўвесь свет сваёй радасцю ад жыцця ў веры.

Алесь Бынькоў для vitvesti.by
(VGr)

Абноўлена 05.06.2017 13:40
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця