Пошук

28.11.2016 17:13   Тэкст і фота: Кацярына Лаўрыненка / Catholic.by

27 лістапада, у дзень распачацця Адвэнту, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч наведаў з душпастырскім візітам парафію Езуса Міласэрнага ў Віцебску. Пры ўваходзе ў катэдральны касцёл біскупа віталі з хлебам-соллю члены парафіяльнай рады і пробашч парафіі кс. Андрэй Аніскевіч.

Пачатак Адвэнту біскуп Віцебскі назваў днём, «калі мы асабліва павінны прыгледзецца да свайго жыцця». Разважаючы пра Божы план і ролю чалавека ў яго рэалізацыі, іерарх падкрэсліў, што «ў фундаменце кожнай мары, натхнення і ўчынку» павінен быць Бог.

Іерарх нагадаў, што «Традыцыя Касцёла кажа пра тры прыйсця Бога ў гэты свет»: «Першае стала гісторыяй і няспынна аднаўляецца. Другое прыйсце — гэта Яго прысутнасць у слове, якое мы чуем, чытаем у Бібліі, Яго прысутнасць у сакрамэнтах. (...) Божае слова кажа нам пра яшчэ адно прыйсце — канчатковае, у хвале, калі Бог прыйдзе з вялікай моцай і будзе судзіць гэты свет».

Біскуп Буткевіч указаў таксама, што радаснае чаканне не з’яўляецца часам весялосці: «Гэта як з гаспадыняй дому, якая рыхтуецца да прыходу гасцей. У яе сэрцы радасць, але не весялосць. Няма часу на прагляд тэлевізара або размовы з сяброўкамі, бо гэта час працы. Так і перыяд Адвэнту павінен быць для нас часам духоўнай працы. (...) Чаканне — гэта позірк у сваю душу і на сваё жыццё».

«Бог ёсць паўсюль. Але чалавек можа не пускаць Бога ў сваё жыццё. І гэтую трагедыю мы часта назіраем у сучасным свеце», — адзначыў біскуп Віцебскі.

Падчас Эўхарыстыі адбылося таксама ўдзяленне сакрамэнту канфірмацыі некаторым вернікам.

Разам з парафіяльнай супольнасцю біскуп Віцебскі правеў увесь дзень, ўзначальваючы ўсе Імшы і прамаўляючы гаміліі. Пасля Эўхарыстый вернікі маглі сустрэцца са сваім пастырам у кавярні пры касцёле, каб паразмаўляць, папрасіць парады ці падзяліцца радасцю, атрымаць благаслаўленне. 


Кацярына Лаўрыненка
Фота аўтара
(VGr)

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 05.06.2017 13:40
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця