Пошук

22.11.2016 16:15   Тэкст і фота: Кацярына Лаўрыненка / Catholic.by

«Сэрцам дыяцэзіі з’яўляецца семінарыя», — нагадаў у гаміліі ксёндз Андрэй Шут падчас святой Імшы ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску. 

У гэты дзень, ва ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету, святар, які з’яўляецца эканомам Міждыяцэзільнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску, разам з семінарыстам Яўгенам Хаданёнкам прыехаў у Віцебск, каб падзяліцца з вернікамі сведчаннем аб сваім пакліканні і падзякаваць ім за малітоўную падтрымку навучэнцаў семінарыі.

Гэта даўняя традыцыя, калі ва ўрачыстасць Хрыста, Валадара Сусвету, семінарысты разам са сваімі выкладчыкамі наведваюць парафіі дыяцэзій.


Ксёндз эканом распавеў няпростую гісторыю семінарыі ў Пінску, якая адчыніла свае дзверы ў 1925 годзе, але была зачынена ўжо з 1939 года.

Таксама святар узгадаў пра выбітных навучэнцаў семінарыі — кардынала Казіміра Свёнтка, сведку веры, благаслаўлёнага Мечыслава Багаткевіча і ксяндза інфулата Вацлава Пянткоўскага, які ў савецкія часы адчыніў падпольную семінарыю ў Мядзведзічах, рыхтуючы да святарства юнакоў, якім улады не давалі дазвол на паступленне ў Рыжскую духоўную семінарыю — адзіную, у якой у савецкія часы маглі навучацца юнакі з усяго Савецкага Саюза.

Адным з выхаванцаў ксяндза Пянткоўскага з’яўляецца і біскуп Пінскі Антоні Дзям'янка.


Адраджэнне дзейнасці семінарыі адбылося ў 2001 годзе. Тут вучацца маладыя людзі з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Пінскай і Віцебскай дыяцэзій. Таму, як падкрэсліў ксёндз Андрэй, семінарыя ў Пінску з’яўляецца сэрцам адразу трох дыяцэзій. Зараз у семінарыі навучаецца 15 чалавек.

Напрыканцы ўсіх Імшаў, у якіх удзельнічалі прадстаўнікі семінарыі, слова браў семінарыст Яўген Хаданёнак, які паходзіць з парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Шаркаўшчыне.


Ён папрасіў парафіянаў аб малітве за новыя пакліканні для Віцебскай дыяцэзіі, паколькі зараз у семінарыі ў Пінску навучаюцца толькі двое юнакоў з Віцебшчыны.

Кацярына Лаўрыненка, фота аўтара

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 05.06.2017 13:40
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.