12 лістапада ў парафіі Святой Сям’і ў Лідзе прайшла сустрэча сем’яў Гродзенскай дыяцэзіі. На сустрэчу прыбыло шмат сем’яў з розных парафій дыяцэзіі, каб супольна дзякаваць Богу Стварыцелю за дзівосны, цудоўны дар, якім з’яўляецца сям’я.
У сустрэчы ўдзельнічалі сем’і, якія ў гэтым годзе перажываюць юбілей шлюбу, а таксама тыя, якія толькі заключылі сакрамэнтальны сужэнскі саюз.
Сям’я — школа міласэрнасці
Сёлетняя сустрэча адбылася пад дэвізам «Сям’я — школа міласэрных паводзін». Падчас сустрэчы шматразова падкрэслівалася, што сям’я з’яўляецца першай школай міласэрнасці, у якой чалавек вучыцца практыкаваць учынкі міласэрнасці адносна цела і душы на ўзор нашага Настаўніка Езуса Хрыста.
Парафія ў Лідзе ўжо ў другі раз прымала ўдзельнікаў гэтай сустрэчы. Тут актыўна праводзіцца душпастырства сем’яў, якое ўключае сотні сужэнцаў, што знаходзяць час на фармацыйныя сустрэчы і адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту.
Удзельнікі сустрэчы выслухалі даклад, з якім выступіў душпастыр сем’яў Гродзенскай дыяцэзіі а. Дзмітрый Лабкоў CSsR. Святар адзначыў, што задача бацькоў — выхоўваць у дзіцяці «вобраз міласэрнасці», а таксама што Пан Бог жадае, каб усе людзі наследавалі Яго ў аказанні міласэрнасці адносна нашых бліжніх.
Малітва — фундамент сям’і
Узрушаючым момантам сустрэчы быў час сведчанняў, калі самі сужэнцы дзяліліся перажываннем радасных і сумных хвілін у сваіх сем’ях. Сужэнцы падкрэслівалі патрэбу практыкавання ў сем’ях супольнай малітвы, якая павінна быць фундаментам кожнай сям’і, а таксама правядзення канструктыўнага дыялогу, каб пазбягаць розных крыўдаў і спрэчак.
Адзначалі яны і патрэбу частага звароту да Святога Пісання, якое заўсёды паказвае чалавеку кірунак шляху да Пана Бога, магчымасць яшчэ лепш спазнаць Яго і пераканацца ў Яго блізкасці.
Урачыстую святую Імшу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх адзначыў, што сярод мноства прыгожых і вартых жыццёвых шляхоў, якімі чалавек крочыць да Бога, ёсць шлях сямейнага жыцця.
Біскуп заклікаў даверыць у гэты дзень Богу асаблівым чынам «тыя сем’і, якія перажываюць цяжкасці, знаходзяцца на жыццёвым раздарожжы, якім пагражае распад, якія руйнуе ўсялякага роду маральнае і духоўнае расстройства».
«Няхай добры Бог прыйдзе да іх з дапамогай, увалье ў сэрцы надзею і давер, зноў запаліць прыгашанае полымя веры і дапаможа знайсці выхад з цяжкіх сітуацый, у якіх яны апынуліся», — заахвоціў гродзенскі ардынарый.
Падчас Імшы пары аднавілі свае сужэнскія абяцанні, прыгадаўшы дзень заключэння сакрамэнтальнага шлюбу.Гэты супольны дар, якім могуць адарыць адно аднаго сужэнцы, нясе ні з чым непараўнальнае багацце, умацоўвае саюз, будуе сталасць і супольную адказнасць за сям’ю.
На заканчэнне сустрэчы біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў усім сужэнствам і сем’ям, якія, нягледзячы на розныя цяжкасці, трываюць з Хрыстом і з верай пераадольваюць праблемы, што ўзнікаюць перад імі.