Бог, калі абірае чалавека на сваю службу, не глядзіць на яго слабасці ці нейкія абмежаванасці, Ён дае сваю ласку, каб гэты чалавек распаўсюджваў Божае Валадарства на зямлі.
З такімі словамі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч звярнуўся да святароў Віцебскай дыяцэзіі падчас пастырскай сустрэчы, якая праходзіла 25 кастрычніка ў Глыбокім.
Іерарх засяродзіў увагу на евангельскім урыўку гэтага дня, у якім Божае Валадарства параўноўваецца з гарчычным зернем і закваскай. Як падкрэсліў ардынарый Віцебскай дыяцэзіі, гэтай закваскай найперш з’яўляюцца святары і на іх ускладзены абавязак і адказнасць перамяніць свет.
Біскуп заклікаў прысутных душпастыраў быць чуйнымі да духоўных патрэбаў чалавека, які прагне духоўнасці, які ў пошуку маральных і духоўных каштоўнасцяў прыходзіць у святыню і перш за ўсё жадае знайсці іх у прадстаўніках Касцёла — у святарах. Па словах іерарха, Бог даручае чалавека апецы святара.
У Пасланні святога апостала Паўла да Эфесцаў распавядаецца пра адносіны мужа і жонкі. Апостал Павел скіроўвае выразны заклік: «Падпарадкоўвайцеся адзін аднаму ў боязі Хрыстовай».
Спасылаючыся на гэты заклік, біскуп Буткевіч параўнаў святара з мужам, а парафіяльную супольнасць з жонкаю і ўказаў на ўзаемную павагу і адказнасць, якія павінны існаваць у адносінах паміж святаром і вернікамі.
Між іншым, іерарх падкрэсліў, што святар павінен імкнуцца быць бліжэй да людзей, а чалавеку, у сваю чаргу, не варта баяцца змяншаць дыстанцыю, не варта баяцца святара, які дзейнічае моцаю Бога дзеля ўзрастання чалавека ў веры.