27 верасня ў Мёрах прайшла пастырская сустрэча святароў і кансэкраваных асобаў, якія нясуць служэнне ў Віцебскай дыяцэзіі. У межах сустрэчы адбылася супольная малітва, былі абвешчаны новыя прызначэнні і праінфармавана пра змены, унесеныя Пантыфікам у Кодэкс кананічнага права.
Змены ў Кодэксе, з якімі былі азнаёмлены святары, датычаць удзялення сакрамэнтаў хросту і сужэнства, а таксама пераходаў з аднаго абраду ў іншы.
Іерарх нагадаў кансэкраваным асобам і свецкім катэхетам пра неабходнасць атрымання ў Курыі кананічнай місіі, якая дазваляе праводзіць пры парафіях заняткі па рэлігіі.
Падчас сустрэчы таксама былі абвешчаны новыя прызначэнні ў Віцебскай дыяцэзіі. Сярод іх:
- Кс. Адам Дынак звольнены з пасады дэкана Віцебскага дэканату, зняты з пасады адміністратара парафіі Св. Уладзіслава ў Віцебску, а таксама з пасады канцлера Віцебскай дыяцэзіі, і па просьбе біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі накіраваны на працу ў семінарыю ў Пінску;
- Кс. Віктар Місевіч звольнены з пасады рэзідэнта ў парафіі ў Дзеркаўшчыне і прызначаны канцлерам Віцебскай дыяцэзіі;
- Кс. Мікалай Ціхановіч прызначаны біскупскім вікарыем па справах навучэнцаў семінарый, якія паходзяць з Віцебскай дыяцэзіі.