Пошук

21.09.2016 12:19   Тэкст і фота: Кацярына Лаўрыненка / Catholic.by

20 верасня ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску адбылося адмысловае набажэнства з нагоды Сусветнага дня малітвы за мір, якое ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

У гаміліі падчас Імшы перад набажэнствам іерарх, нагадваючы, што на гэты дзень прыпаў літургічны ўспамін карэйскіх мучанікаў за веру, назваў гэта адным са сведчанняў таго, што «вельмі часта праўда ў гэтым свеце не знаходзіць прыхільнасці». Віцебскі ардынарый нагадаў і аб прароцтве, дадзеным у свой час пра Езуса, што Ён стане «знакам супраціву», дадаўшы, што на працягу вякоў гэта здзяйсняецца — «той, хто абвяшчае Божае слова, кажа праўду, сустракаецца з неразуменнем і пераследам» і нават можа панесці мучаніцкую смерць.

«Калі  мы кажам пра мір, асабліва пра мір між народамі, мы не кажам толькі пра  адсутнасць баявых дзеянняў, пра адсутнасць вайны — гэтага было б мала, бо мір — гэта перадусім справядлівасць, грамадская адказнасць за чалавека, улады за чалавека, а таксама кожнага чалавека на сваім месцы за даручаную яму справу», — адзначыў біскуп. «Вядома, спрэчныя пытанні будуць узнікаць заўсёды, але важна знайсці мірны шлях для вырашэння той ці іншай праблемы», — дадаў іерарх, нагадаўшы, што важную ролю ў гэтым адыгрывае вера чалавека, яго сувязь з Богам.

Першы дар, які даў чалавеку Хрыстус пасля ўваскрасення — знак супакою, — адзначыў віцебскі ардынарый. — Чалавек, які жыве паводле веры, у цеснай сувязі з Богам, заўсёды будзе носьбітам Божага супакою, які і дазволіць міру трываць у свеце».

Узгадваючы пра першую малітоўную сустрэчу за мір, якая адбылася па ініцыятыве святога Яна Паўла ІІ, і пра тое, што ў гэтыя дні адбываецца ўжо трыццатая такая сустрэча, біскуп сказаў: «Сёння мы далучаемся да малітвы, просячы аб супакоі ў нашых сэрцах. Бо менавіта з гэтага пачынаецца мір, які мы можам прынесці людзям, якія жывуць побач з намі, і такім чынам дапамагчы ўсталяванню міру ў свеце».

«Няхай наша малітва з заступніцтвам тых, хто перадусім сваім жыццём вызнаваў веру ў Езуса Хрыста, будзе нашым асабістым удзелам у справе міру, супакою, які так патрэбны кожнаму чалавеку. Няхай гэтаму спрыяе і заступніцтва Багародзіцы, якая, стоячы пад крыжам і гледзячы на раны Езуса Хрыста, прасіла, пэўна, аб міласэрнасці для гэтага свету. Няхай і сёння Яна выпрошвае гэтую ласку Божага прабачэння, ласку мірнага вырашэння тых непаразуменняў, якія яшчэ існуюць паміж людзьмі», — пажадаў віцебскі ардынарый.

Кацярына Лаўрыненка
фота аўтара.

Абноўлена 05.06.2017 13:40
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.