Пошук

19.09.2016 12:09   Тэкст і фота: Кацярына Лаўрыненка / Catholic.by

17 верасня ў Росіцы на свята пад назвай «І кветкі хваляць Пана» сабраліся шматлікія святары і пілігрымы, каб дзякаваць Богу за прыгажосць кветак і плён ураджаю гэтага года. Геаграфія пілігрымаў з кожным годам пашыраецца — гэтым разам да вернікаў з Віцебскай дыяцэзіі далучыліся і прадстаўнікі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі з парафій у Мар’інай Горцы і Беразінскім разам са сваімі пробашчамі.

Імшу ўзначаліў Генеральны вікарый Віцебскай дыяцэзіі ксёндз прэлат Францішак Кісель. Адметна, што ў літургічным чытанні, якое прыпала на гэты дзень, прагучала прыпавесць пра сейбіта, на што ў сваёй гаміліі звярнуў увагу кс. Вячаслаў Пялінак.

Вырошчванне кветак і садоў — гэта старажытная манаская традыцыя, якую ўвялі бэнэдыктынцы, каб чалавек, гледзячы на кветкі, прыгадваў страчаны рай. Святар адзначыў, што, нягледзячы на розныя густы і ўпадабанні, кветкі любяць усе — напэўна, падсвядома кожны носіць у сабе ўспамін пра тое, што страцілі нашы прабацькі ў раі.

Кажучы пра кветкі ў Росіцы, кс. Пялінак нагадаў, што трэба памятаць, на якой зямлі яны ўзышлі, бо іх існаванне тут мае глыбокі хрысціянскі сэнс: «Тут яны ўзыходзяць з попелу, на крыві і слязах. Здратаваная зямля расквітнела, і там, дзе лютавала злосць і нянавісць, з’явілася прыгажосць, узышлі кветкі як сімвал перамогі прыгажосці над жахам і нялюдскай перавагай».

Пры гэтым святар нагадаў, што нельга засяроджвацца толькі на прыгажосці красак: «Кветка не можа замяніць праслаўлення Бога. Яна павінна весці чалавека да сустрэчы са Стварыцелем. Фларыстычная прыгажосць не можа быць мэтай, таксама як і святое месца не павінна стаць батанічным садам».

Няпростую працу вырошчвання кветак, якую так любіць пробашч росіцкай парафіі а. Чэслаў Курэчка МІС, кс. Пялінак параўнаў з абвяшчэннем Божага слова: «Перш чым сеяць, мы павінны ведаць, куды і як, добра ацаніць глебу свайго ўласнага сэрца і не пераблытаць поры года». Таксама святар правёў пэўныя паралелі паміж вырошчваннем добрага ўраджаю і духоўным жыццём чалавека: у абодвух выпадках хочацца, каб было хутка і прыгожа, аднак, каб атрымаць плён і добры ўраджай, трэба прыкласці шмат намаганняў, цяжка працаваць і, калі нешта не расце, не прыжываецца, не шкадуючы сіл і рук, зноў і зноў капаць і сеяць. «Толькі так паўстаюць прыгожыя сады», — дадаў кс. Пялінак.

Напрыканцы гаміліі святар адзначыў, што прыклад Росіцы, дзе кветкі выраслі на попеле, можа стаць добрым прыкладам для тых, чыё «сумленне выглядае нібы гэты попел — там таксама можа быць прыгожы сад». «Кожная рана нашага сэрца можа стаць месцам, на якім узыйдзе кветка. Усё стаптанае і знішчанае можа стаць ураджайнай глебай», — адзначыў святар і нагадаў, што зараз Паўсюдны Касцёл перажывае Год Міласэрнасці, а гэта добрая нагода задумацца над сваім жыццём, сумленнем і сэрцам, а таксама над тым, што можа Бог учыніць з грахом чалавека.

«Верачы ў Божую міласэрнасць, наша душа можа выглядаць так, як Росіца, і нават прыгажэй. Няма нікога і нічога, хто мог бы стаптаць зямлю і сэрца чалавека, бо нават неўрадлівая зямля, калі над ёю схіляецца чалавек, становіцца цудоўным садам, ...нават самае спустошанае сэрца, калі над ім схіляецца Бог, можа расквітнець», — дадаў святар.

На заканчэнне святой Імшы а. Чэслаў Курэчка падзяліўся з прысутнымі, што шмат разоў спрабаваў садзіць у Росіцы плакучыя івы, але, нягледзячы на ўсе намаганні і шматлікія спробы, гэтыя дрэвы тут не прыжыліся. «Росіца не жадае больш плакаць», — адзначыў святар-кветкавод.

Працягнулася свята ў мясцовым клубе, дзе для гасцей быў падрыхтаваны канцэрт і конкурс «Пра што гавораць кветкі?» з песнямі і віктарынай на тэму міфаў і паданняў пра кветкі.

Росіцкі пробашч пачаставаў усіх грыбной поліўкай з баравікоў, якую гатуе па адмысловым рэцэпце.

Росіца ў гэты дзень была сонечная і поўная восеньскага хараства, убраная ў вяргіні і самыя розныя восеньскія кветкі. І, як сказала пра росіцкія кветкі прысутная на свяце каталіцкая пісьменніца і аўтар кнігі «Будзь воля Твая» Ірына Жарнасек, «самае важнае тое, што яны квітнеюць на пляцы мучаніцтва, на месцы той калгаснай канюшні, у якой знайшлі свой жахлівы спачын апошнія ахвяры трагедыі».


Кацярына Лаўрыненка (VGr)
Фота аўтара

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 05.06.2017 13:40
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа