«Мы сёння жывём у свеце, дзе прырода становіцца ўсё больш незразумелай і чужой для людзей. Ужо вырасла цэлае пакаленне дзяцей, якія п'юць малако з пакетаў і не ведаюць, адкуль яно паходзіць на самой справе. Гэтыя дзеці, стаўшы дарослымі, рызыкуюць стаць пакаленнем, якое не ўмее супастаўляць прычыну і наступства, пакаленнем, якое не ўмее задаваць пытанні аб Першапрычыне ўсяго, пакаленнем, якім лёгка маніпуляваць», — гэтымі словамі пачаў рэкалекцыі для святароў Віцебскай дыяцэзіі, якія прайшлі ў Браславе 22-24 жніўня, дон Франчэско Джардано.
Дон Франчэско Джардано, святар, доктар дагматычнай тэалогіі і выкладчык універсітэта Ангелікум у Рыме, з’яўляецца таксама кіраўніком рымскага офіса найбуйнейшай у свеце арганізацыі ў абарону жыцця і сям'і Human Life International. Таму многія тэмы, якія ўздымаліся ў рамках духоўных практыкаванняў у Браславе і падчас перапынкаў на каву, тычыліся абароны жыцця і сям'і.
Дон Франчэско звярнуў увагу на сувязь паміж святасцю сужэнства і святасцю святарства і распавёў пра вучэнне Каталіцкага Касцела, які адзначыў неабходнасць актыўнай абароны жыцця і сям'і яшчэ пры Папе Льве XIIІ у 1880 годзе. Яго паслядоўнікі, асабліва Пій XI у 1930 годзе і Павел VI у 1968 годзе, заўважылі велізарную небяспеку для сям'і, якую ўяўляе сабой кантрацэптыўная ментальнасць.
Кантрацэпцыя стала ў XX стагоддзі з'явай, якая прывяла да цэлага шэрагу разбуральных наступстваў. У выніку сталі магчымымі радыкальнае аддзяленне сужэнскіх адносін ад нараджэння дзяцей, велізарны рост сужэнскай нявернасці, разводаў і легалізацыя абортаў. Кантрацэптыўная ментальнасць, фарміруючы ў большасці людзей цэлы шэраг стэрэатыпаў, прывяла да рэзкага падзення нараджальнасці, развалу інстытуту традыцыйнай сям'і, з'яўлення штучнага апладнення, прапаганды гомасексуалізму і, нарэшце, да атакі гендэрнай ідэалогіі, якая знішчае Божы вобраз у чалавеку.
Пра небяспеку аддзялення сужэнства ад дзетанараджэння казалі яшчэ айцы Касцела, нагадваючы, што адной з задач людзей з’яўляецца запаўненне на небе месцаў паўшых анёлаў. Менавіта таму цяпер асноўная атака д'ябла скіравана на сям'ю, калыску новага жыцця, і важна быць верным вучэнню Касцёла аб сужэнстве і сям'і, якому вялікую ўвагу ў сваёй тэалогіі прысвяціў св. Ян Павел II.
У перапынках паміж канферэнцыямі і малітвамі праходзіла шмат дыскусій аб сучаснай сітуацыі ў Касцёле, ролі біскупаў і святароў у сённяшнім свеце. Было прыкметна, што тэмы, якія закрануў дон Франчэско Джардано, знайшлі жывы водгук у слухачоў.