Пошук


20.08.2016 00:29   Тэкст і фота: Кацярына Лаўрыненка / Catholic.by

Святой Імшой для пілігрымаў распачаліся ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Валадаркі азёраў у Браславе 19 жніўня.

На пачатку Імшы ўсіх прысутных сардэчна прывітаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, адзначыўшы, што Маці Божая Браслаўская, да якой усе яны прыбылі, «нясе на плячах справы кожнага з нас, а праз нас — справы і клопаты ўсёй нашай дыяцэзіі».

Эўхарыстыю для пілігрымаў, падчас якой быў удзелены сакрамэнт канфірмацыі, узначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB, а канцэлебравалі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, а таксама святары як з Беларусі, так і з замежжа.   



У гаміліі біскуп Аляксандр Яшэўскі распавеў пра змест іспанскага фільма пад назвай «Зямля Марыі», дзе было прадстаўлена, якім чынам Пан Бог і Найсвяцейшая Панна Марыя перамянілі жыццё чалавека. У фільме дэманстравалася, што, калі ў выніку грэхападзення людзі аддаліліся ад Бога і Ён пачаў пытацца, хто пойдзе на зямлю шукаць іх, каб яны зноў былі вернымі Яму, адгукнулася маладая асоба — Марыя, Маці Бога. У фільме паказваецца, што яна не проста ідзе, а бяжыць як найхутчэй, каб адшукаць людзей для Бога.

«Мы знаходзімся у гэтый святыні, дзе валадарыць Найсвяцейшая Панна Марыя, і мы бачым, як Яна сышла да нас, як Яна прабывае сярод нас, і адзінае, чаго жадае Найсвяцейшая Панна Марыя, якая валадарыць тут, у цудатворным абразе, — гэта прывесці нас да Бога, зрабіць усё магчымае, каб мы зноў шукалі Яго, зноў палюбілі ўсёй душой і сэрцам, каб мы сталі вернымі Яму і ў нашым штодзённым жыцці маглі ўцелаўляць Божыя загады і жыць па прынцыпу Святога Евангелля», — сказаў у гаміліі іерарх.  



Звяртаючыся да маладых людзей, якія чакалі ўдзялення сакрамэнту канфірмацыі, біскуп Аляксандр Яшэўскі нагадаў, што, прымаючы гэты сакрамэнт — а гэта адбываецца ў юбілейную ўрачыстасць Божай Міласэрнасці ў юбілейнай святыні, — яны жадаюць быць умацаванымі дарамі Святога Духа, каб мужна вызнаваць сваю веру. Пастыр падкрэсліў, што сёння Касцёл вельмі моцна патрабуе сапраўдных вызнаўцаў Езуса Хрыста, тых, хто не будзе цурацца Яго і сваёй веры, тых, хто, няглядзечы на ўсе цяжкасці секулярызаванага жыцця, будзе заўсёды прызнавацца, што з’яўляецца Хрыстовым вучнем і вызнаўцам.



Сакрамэнт канфірмацыі ў гэты дзень прынялі амаль сто чалавек. Яго ўдзялілі біскупы Аляксандр Яшэўскі і Юрый Касабуцкі.

Напрыканцы Імшы біскуп Аляксандр Яшэўскі звярнуўся да моладзі, заклікаўшы яе не баяцца ісці за голасам Пана Бога, не баяцца ісці шляхам паклікання да святарскага або манаскага жыцця. «Бо жніво багатае, а работнікаў сапраўды мала», — нагадаў іерарх, дадаўшы, што толькі Бог надае сэнс нашаму жыццю.  

Кацярына Лаўрыненка
Фота аўтара

Абноўлена 05.06.2017 13:40
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.