Пошук


За дар паклікання святароў з браслаўскай зямлі дзякаваў падчас ранішняй святой Імшы 20 жніўня ў санктуарыі ў Браславе перад абразом Маці Божай Валадаркі азёраў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Разам з іерархам, які паходзіць з Браслава, Эўхарыстыю канцэлебравалі і іншыя святары з гэтай мясцовасці.

«Мы асабліва ўдзячныя Пану Богу за тыя ласкі, якімі Ён так шчодра адорваў і адорвае браслаўскую зямлю. Асабліва мы павінны быць удзячныя за тое, што, нягледзячы на розныя перыпетыі, тут заўсёды працавалі Божыя слугі. І гэта знак асаблівай любові Бога да гэтай зямлі, знак прысутнасці Найсвяцейшай Панны Марыі, якая, заступаючыся за сваіх дзяцей, выпрошвае ласку паклікання. Таму сёння мы, святары, якія паходзім з гэтай зямлі, асаблівым чынам дзякуем Богу за дар паклікання да Божай службы», – сказаў на пачатку Імшы біскуп Віцебскі, дадаючы, што прысутныя святары будуць маліцца таксама аб дары новых пакліканняў з гэтай зямлі.

У гаміліі іерарх, нагадваючы аб асаблівай маляўнічасці Браслаўшчыны, падкрэсліў, што тут адчуваецца своеасаблівы дух. «Гэты дух з’яўляецца духам малітвы. На гэтым месцы, якое праз вякі насычана Божай ласкай, Божая прысутнасць адчуваецца не толькі ў святынях, абразе Маці Божай, але і ў людзях, якіх Пан Бог паклікаў да сваёй службы, у іх гісторыі жыцця», – адзначыў біскуп Алег Буткевіч.

Іерарх дадаў, што ў гэтым годзе ў Браславе адзначаецца 30-годдзе з дня смерці адданага сына гэта зямлі – ксяндза Чэслава Вільчынскага, які служыў у мясцовым касцёле ў 1967- 1986 гг. Пастыр падкрэсліў, што служэнне гэтага святара прыпала на вельмі цяжкія гады ў існаванні браслаўскай святыні, і дадаў, што ксёндз Вільчынскі «з’яўляецца для нас прыкладам вернай і самаахвярнай службы».

Віцебскі ардынарый узгадаў і пра служэнне на Браслаўшчыне ў 1990-я гг. ксяндза Стэфана Пракурата, сальватарыяніна, адзначыўшы, што ягонае служэнне таксама паспрыяла новым пакліканням.

Біскуп адзначыў, што сёння свет перажывае крызіс пакліканняў, калі юнакі баяцца адказаць Богу, даручыць Яму сваё жыццё. Па словах іерарха, гэта праблема не толькі саміх юнакоў, але і бацькоў, якія баяцца адпусціць сваё дзіця, даручыць яго Богу. Таму пастыр заклікаў вернікаў прасіць у гэтай справе заступніцтва Багародзіцы, якой таксама было нялёгка згадзіцца з тым, чаго не разумеў Яе розум, «але вера ў бязмежную Божую любоў дазволіла Ёй адказаць згодай на Божую прапанову».

Напрыканцы гаміліі біскуп Віцебскі, кажучы пра святарскае служэнне, нагадаў, што «сённяшні час патрабуе не проста работнікаў, але адданых і святых работнікаў на жніве Пана», «а гэта, у сваю чаргу, наступства малітвы – шчырай просьбы да Бога, накіраванай ад кожнага верніка».  

Кацярына Лаўрыненка

Абноўлена 05.06.2017 13:40
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа